Песні пад гітару, конкурсы і майстар-класы: на XII музычным фестывалі "Вялікая бард-рыбалка" гасцям свята прапануюць разнастайны адпачынак. Аб гэтым расказаў намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Валерый Малашка.
У гэтым годзе ўдзельнікамі фестывалю стануць 50 бардаў з Беларусі, Расіі і Латвіі. Арганізатары прынялі рашэнне пашырыць палатачны гарадок, зона паркоўкі для аўтамабіляў таксама стане большая - да 500 аўтамабіляў. А для тых, хто плануе прыехаць на свята грамадскім транспартам, будуць арганізаваны дадатковыя маршруты з Магілёва, Бабруйска і Быхава. Фармат свята прадугледжвае сямейны адпачынак на прыродзе ў лепшых турыстычных традыцыях, а таму арганізатары рэкамендуюць узяць палатку, спальнікі, неабходнае абсталяванне і цёплае адзенне. А для тых, хто спантанна вырашыць застацца ў палатачным лагеры, будзе працаваць пракат турыстычнага абсталявання.
Не менш яркім і насычаным будзе творчы складнік фестывалю. Сваёй творчасцю гасцей будзе радаваць расійская дэлегацыя з Сібіры "Станцыя Сібір". Адным з сюрпрызаў фестывалю стане прэзентацыя тэатра жывых лялек Святланы Панцялеевай з Томска.
Падораць сваю творчасць гасцям фестывалю расійскія выканаўцы Сяргей Мацвеенка і Раман Філіпаў. Удзельнікам "Вялікай бард-рыбалкі" стане выканаўца з Латвіі, удзельнік шоу "Голас" Аляксандр Казакоў. Хэдлайнерам свята стане выканаўца з Расіі Ірына Сурына. Разбавіць бардаўскую праграму канцэрт "Рок-імправізацыя".
Пройдуць ужо традыцыйныя спаборніцтвы па рыбнай лоўлі і пляжным валейболе, конкурс прыгажосці "Каралева бард-рыбалкі".
Начальнік упраўлення культуры Магілёўскага аблвыканкама Аляксандр Жыгун падкрэсліў, што фестываль - свята сямейнае. А таму на беразе Чыгірынскага вадасховішча абсталююць дзіцячыя інтэрактыўныя пляцоўкі і пакажуць творчую праграму для дзяцей.
На фестывалі будуць частаваць традыцыйнымі беларускімі стравамі, хуткімі перакускамі, гарачымі і халоднымі напіткамі, а яшчэ папкорнам, салодкай ватай і кукурузай.
Усе тры дні фестывалю тут будуць працаваць 35 суб`ектаў гаспадарання, арганізуюць каля 400 пасадачных месцаў. А каб адпачынак быў не толькі смачным, але і цікавым, студэнты і выкладчыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта харчовых і хімічных тэхналогій запросяць усіх жадаючых на майстар-клас па прыгатаванні страў з рачной рыбы.
Чакае ўдзельнікаў і гасцей конкурс па гатаванні юшкі і дэгустацыя. Прафесар з Маскоўскага ўніверсітэта тэхналогій і кіравання Ігар Нікіцін правядзе нясумны семінар пра харчаванне чалавека будучыні.
Музычны фестываль "Вялікая бард-рыбалка" пройдзе з 28 па 30 ліпеня на беразе Чыгірынскага вадасховішча ў Быхаўскім раёне. Канцэрт-адкрыццё з удзелам гасцей фестывалю пачнецца 28 ліпеня ў 20.00.
27 ліпеня 2023, Магілёў
БЕЛТА
27 ліпеня 2023, Магілёў
БЕЛТА
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/96/70237
Текущая дата: 19.11.2024