Белорусский портал в Казахстане

Гуляка: Некаторыя польскія ксяндзы, якія шмат гадоў працуюць у Беларусі, не праводзяць службы на беларускай ці рускай мове



Чатырнаццаці з васямнаццаці польскіх святароў прадоўжаць візу для далейшай працы ў Беларусі.

Пра гэта на прэс-канферэнцыі 23 лютага паведаміў упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Леанід Гуляка.

Паводле яго слоў, у Беларусі служаць прыкладна 450 ксяндзоў у каталіцкіх храмах, 158 з іх запрошаны з-за мяжы, у тым ліку 152 — з Польшчы. Ён растлумачыў, што замежныя святары запрашаюцца тэрмінам да аднаго года, "потым гэты тэрмін узгадняецца ўпаўнаважаным па справах рэлігій і нацыянальнасцяў на працяг, і ён мае права прадаўжаць гэтыя тэрміны яшчэ да года".

Разам з тым для некаторых замежных святароў выдаецца трохмесячная віза. Гэта практыка існуе з мінулага года. "Гэта ўстаноўлена ў сувязі з тым, што некаторыя польскія святары на працягу многіх гадоў працы ў Беларусі не праводзяць службы ў касцёлах на беларускай ці рускай мове", — растлумачыў Гуляка. Паводле яго слоў, у сувязі з гэтым вельмі многія людзі скардзяцца ў розныя інстанцыі. "Я задаю пытанне: калі такая сітуацыя адбудзецца ў Польшчы і беларускі ксёндз будзе служыць на беларускай мове, колькі ён прабудзе ў Польшчы? Напэўна, менш за адзін тыдзень. І не трэба, каб у гэта ўмешваліся ўлады. Самі вернікі не ўспрымуць гэта. А ў нас па пяць-сем гадоў такое стаўленне да вернікаў. Таму дзяржава рэгулюе гэта пытанне з павагі да грамадзян", — падкрэсліў упаўнаважаны.

Ён сказаў, што летась васямнаццаці польскім ксяндзам быў выдадзены дазвол на знаходжанне ў Беларусі на тры месяцы. "Цяпер мы прааналізавалі сітуацыю: у нас да чатырнаццаці няма пытанняў, і ім мы прадаўжаем візы не на тры месяцы, а на паўгода. Яны пачалі вывучаць мовы, і яны хоць бы раз на тыдзень чытаюць казань на беларускай мове. І гэта дзеля вернікаў, а не дзеля дзяржавы. Яны сталі менш скардзіцца", — адзначыў Гуляка.

Што да чатырох астатніх святароў, то вырашаецца пытанне аб працягу ім візы. "Яны так ні разу і не ўзяліся за беларускую ці рускую мову, і скаргі вернікаў працягваюць паступаць", — растлумачыў упаўнаважаны.

БелаПАН, 23 лютага 2012

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/960/12435
Текущая дата: 15.11.2024