Белорусский портал в Казахстане

Ці загавораць кітайцы на мове Коласа?



Для сучаснага чалавека валоданне замежнай мовай — абавязковы "пункцік" яго жыццёвых планаў. Гэта і прафесійны складнік, і проста карыснае захапленне.

Сёння вывучыць тую ці іншую мову зусім няцяжка: шматлікія школы і інстытуты прапаноўваюць безліч курсаў і праграм. Англійская ці нямецкая, французская ці італьянская, кітайская ці японская, інданезійская ці кечуа — выбар, як той казаў, на любы густ. А ці задумваўся хто з беларусаў, што для кагосьці наша родная мова з`яўляецца вельмі цяжкай і складанай, нават экзатычнай? Што дзеля таго, каб авалодаць ёю, хтосьці прыкладае шмат сіл і намаганняў? "Хто гэта можа быць?" — спытаеце вы. Дык хоць кітайскія студэнты, якія прыехалі ў Беларусь атрымаць вышэйшую адукацыю!

Юлія Назаранка, кандыдат філалагічных навук, дацэнт Інстытута журналістыкі БДУ, ужо два гады выкладае студэнтам-кітайцам беларускую мову. Справа гэтая як для выкладчыка, так і для студэнтаў-замежнікаў зусім няпростая. Тым не менш, даволі цікавая і плённая. Беларуская і кітайская — дзве розныя, непадобныя адна да адной мовы. Таму навучыць кітайцаў размаўляць па-беларуску — быццам навучыць іх увогуле нанова гаварыць.

— Найперш студэнты знаёмяцца з фанетычным ладам беларускай мовы, прынамсі ў параўнанні з рускай, якой яны больш-менш валодаюць пасля падрыхтоўчага факультэта, — расказвае Юлія Назаранка. — Усе фанетычныя асаблівасці, а менавіта цвёрдае вымаўленне ж, ш, ч, р, фрыкатыўнае г мы разам засвойваем, калі ўзнікаюць памылкі, тут жа іх выпраўляем. Складана, але студэнты шмат пішуць, чытаюць, увесь час паўтараюць. Калі штосьці незразумела па-беларуску, у якасці пасрэдніка карыстаемся рускай мовай.

Заняткі праходзяць у групах па 10-15 чалавек, таму кожнаму хапае ўвагі. Але варта адзначыць, што ўзровень падрыхтоўкі студэнтаў даволі розны. Некаторыя кітайцы лёгка чытаюць і ўспрымаюць беларускую мову, а для кагосьці формулы вітання — мяжа магчымасцяў. Затое кемлівасці ў іх хапае з лішкам. Калі спытаць у кітайца, якія беларускія словы ведае, ён хуценька дастане праязныя білеты і пачне пералічваць: студзень, люты, сакавік, красавік і г.д.

Каб удасканальваць свае маўленчыя ўменні, многія студэнты вучаць вершы на памяць. Гэта і дзіцячыя чатырохрадкоўі, і сур`ёзныя творы класікаў. Дарэчы, у снежні ў Інстытуце журналістыкі праходзілі чытанні ў гонар 120-годдзя з дня нараджэння Максіма Багдановіча. Сярод іх удзельнікаў былі і студэнты-замежнікі. Плануецца, што да 130-й гадавіны Якуба Коласа яны зноў прадэкламуюць вершы беларускага класіка.

— Я трошкі ведаю беларускую мову. Яна вельмі прыгожая, — адзначае былы студэнт Інстытута журналістыкі БДУ Пэй Ван. — Нават чытаў некаторыя творы пісьменнікаў Беларусі. Гэта сапраўды вельмі цяжка. Паэзію лягчэй зразумець.

— Я ведаю толькі некалькі беларускіх слоў, — кажа студэнт гуманітарнага факультэта БДУ Ксяо Чэн. — Мне падабаецца беларуская мова, але дасканала авалодаць ёй вельмі цяжка. Бо амаль усе навокал размаўляюць па-руску, з беларускай мовай я сутыкаюся толькі на занятках. Гэтага вельмі мала.

— Прабачце, але я амаль не размаўляю па-беларуску. Зараз я вывучаю толькі рускую мову. Адчуваю, што беларуская мова падобна да рускай: пра штосьці нават магу здагадацца, — распавядае магістрантка філфака БДУ Цзын Ван. — Беларуская мова — нацыянальная мова Беларусі, сімвал яе незалежнасці. Але чамусьці беларусы рэдка на ёй гавораць. Чаму?.. Вось я, напрыклад, з задавальненнем вывучыла б беларускую, хоць мне яна падаецца вельмі экзатычнай.

Той фактар, што студэнты-кітайцы не знаходзяцца ў беларускамоўным асяродку, замінае іх больш лёгкаму навучанню. Так лічыць і Юлія Назаранка. Але як цяжка б ім не прыходзілася, многія замежныя студэнты маюць вялікае жаданне спасцігнуць, адчуць прыгажосць беларускай мовы. Прыкра, што такога жадання не назіраецца сярод многіх  беларусаў. Шкада, што родная мова для нас становіцца экзотыкай...

Любоў Каспяровіч
Звязда, 21 лютага 2012


Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/961/12385
Текущая дата: 16.11.2024