Белорусский портал в Казахстане

Міністэрства замежных спраў Беларусі: Выдача дазволаў на малы прымежны рух паміж Беларуссю і Латвіяй пачнецца 1 сакавіка



Выдача дазволаў на малы прымежны рух паміж Беларуссю і Латвіяй пачнецца 1 сакавіка, паведамілі ў беларускім МЗС.

Раней паведамлялася, што прыём заяў на выдачу дазволаў пачаўся 1 лютага, а сама выдача пачнецца праз 20 дзён, 21 лютага. Пазней у МЗС удакладнілі: гаворка ідзе пра 20 рабочых дзён. Такім чынам, "выдача дазволаў, згодна з пагадненнем, пачнецца 1 сакавіка", заявіла 20 лютага начальнік аддзела прэс-службы МЗС Марыя Ваньшына.

Міжурадавым пагадненнем аб спрошчаным парадку ўзаемных паездак жыхароў прымежных тэрыторый Беларусі і Латвіі было падпісана ў Рызе 23 жніўня 2010 года. 1 снежня 2011 года ў Віцебскім аблвыканкаме адбыўся абмен пісьмовымі паведамленнямі аб выкананні Беларуссю і Латвіяй унутрыдзяржаўных працэдур, неабходных для ўступлення дакумента ў сілу. З гэтага дня мясцовыя органы ўлады пачалі фарміраванне спісаў жыхароў прымежных тэрыторый, якія маюць права на атрыманне адпаведных дазволаў.

У сувязі з пачаткам малога прымежнага руху для аператыўнага інфармавання насельніцтва Дзяржаўны памежны камітэт Беларусі стварыў спецыяльны інтэрнэт-рэсурс traffic.gpk.gov.by. Ён утрымлівае асноўныя паняцці пра малы прымежны рух, пералік адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак, што ўваходзяць у прымежныя тэрыторыі, пералік дакументаў, неабходных для перасячэння мяжы і іншыя матэрыялы.

Жыхары прымежных тэрыторый Беларусі і Латвіі будуць наведваць адпаведныя тэрыторыі без віз па дазволах на мясцовае прымежнае перамяшчэнне. Гэты дакумент будзе выдавацца на падставе спісаў жыхароў прымежных тэрыторый: для Беларусі — у генконсульстве ў Даўгаўпілсе; для Латвіі — у консульстве ў Віцебску.

Пад дзеянне пагаднення падпадаюць жыхары прымежных тэрыторый, якія пастаянна пражываюць на іх не менш за год, а таксама пры ўмове вядзення сумеснай з імі хатняй гаспадаркі — мужы і жонкі, бацькі, бабулі, дзядулі, непаўналетнія дзеці, непаўналетнія ўсыноўленыя і ўдачароныя, непаўналетнія дзеці, што знаходзяцца пад апекай, непаўналетнія ўнукі, непаўналетнія праўнукі, нават калі яны пражываюць на прымежнай тэрыторыі менш за год.

Сярод падстаў для выдачы дазволу: арганізацыя або ўдзел на рэгулярнай аснове ў культурных, адукацыйных, навуковых і спартыўных мерапрыемствах, што праводзяцца органамі ўлады і ўстановамі дзяржаў бакоў; валоданне нерухомасцю; наведванне сваякоў; цяжкае захворванне або смерць сваякоў; наведванне месцаў пахавання сваякоў; атрыманне медыцынскай дапамогі; удзел у мерапрыемствах, звязаных з мясцовымі традыцыямі і правядзеннем рэлігійных абрадаў; ажыццяўленне рэгулярных кантактаў у сферы гаспадарчай дзейнасці без права вядзення працоўнай дзейнасці.

За разгляд хадайніцтва аб выдачы дазволу на мясцовае прымежнае перамяшчэнне бярэцца збор у памеры 20 еўра. Ад уплаты збору на падставе ўзаемнасці могуць вызваляцца пенсіянеры, інваліды і дзеці да 18 гадоў.

Жыхарам прымежных тэрыторый дазволы на мясцовае прымежнае перамяшчэнне будуць выдавацца з тэрмінам дзеяння ад аднаго года да пяці гадоў, але не звыш тэрміну дзеяння сапраўднага праязнога дакумента. Сумарны тэрмін знаходжання на прымежнай тэрыторыі дзяржавы іншага боку на працягу тэрміну дзеяння дазволу на мясцовае прымежнае перамяшчэнне не можа перавышаць 90 дзён на працягу 6 месяцаў.

Пад дзеянне малога прымежнага руху падпадаюць жыхары населеных пунктаў Бігосаўскага, Чапаеўскага, Сар`янскага, Асвейскага, Кахановіцкага, Белькаўшчынскага сельсаветаў Верхнядзвінскага раёна, горада Верхнядзвінска, Павятскага, Перабродскага, Далгінаўскага, Мёрскага, Новапагосцкага, Туркоўскага сельсаветаў Мёрскага раёна, горада Мёры, Друеўскага, Плюскага, Слабодкаўскага, Опсаўскага, Далякоўскага, Ахрэмаўскага, Мяжанскага, Цяцеркаўскага, Відзаўскага сельсаветаў Браслаўскага раёна, горада Браслаў, пасёлка Відзы.

Марына Носава, БелаПАН
Мінск, 20 лютага 2012

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/962/12349
Текущая дата: 15.11.2024