Белорусский портал в Казахстане

У Дзень усіх закаханых Купалаўскі музей запрасіў маладыя пары ў незвычайнае падарожжа



14 лютага, у Дзень усіх закаханых, Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы запрасіў да сябе маладыя пары, каб прапанаваць ім незвычайнае падарожжа па экспазіцыі.

Супрацоўнікі музея падрыхтавалі выставу, прысвечаную любімай жанчыне песняра — яго жонцы Уладзіславе Францаўне.

"Кожная пара атрымае вось такі пуцяводнік з заданнямі па экспазіцыі, — тлумачыць моладзі загадчык аддзела музея Вольга Пархімовіч, — і павінна будзе прайсці па залах нашага музея. Падказкамі вам будуць валянцінкі. Вас чакаюць сюрпрызы, новыя ўражанні і веды, а правільна адказаўшы на чацвёртае пытанне, вы атрымаеце ў падарунак адзін з прыгожых вершаў Купалы, каб падараваць яго каханаму чалавеку. А на заканчэнне кожная пара атрымае памятны прыз на добры ўспамін пра сённяшняе свята".

Адны з гасцей музея, Наталля і Андрэй, падзяліліся ўражаннямі.

"Думаю, сённяшняе свята пойдзе на карысць мне і майму хлопцу, мы шмат новага даведаліся, — кажа Наталля. — Калі кахаеш, пачынаеш больш разумець людзей. Калі ты з любімым чалавекам адзін на адзін — ты мяняешся, ты не такі, як з усім светам. Больш разумееш яго і з большым спачуваннем пачынаеш ставіцца да іншых людзей".

"Мне здаецца, ні адзін з відаў мастацтва поўнасцю не перадае кахання, — гаворыць Андрэй, — а толькі ўсе разам яны могуць перадаць гэтае пачуццё".

"Мы, калі пазнаёміліся, стварылі сваю групу, — расказваюць Сяргей і Насця, — спяваем, разам выступаем. У асноўным, гэта дабрачынныя канцэрты у дзіцячых дамах".

Падсумоўвае прайшоўшае свята Вольга Пархімовіч: "Мы, супрацоўнікі музея, добра разумеем, што трэба крочыць разам з сённяшняй моладдзю, жыць іх думкамі і жаданнямі. Моладзі цікава прыйсці ў музей не на экскурсію, а на нейкае незвычайнае падарожжа, якое будзе поўнае новых уражанняў, адкрыццяў, прынясе добры настрой, што адпавядае святу. Таму прыдумалі такое падарожжа для закаханых, падчас якога можна даведацца і пра жыццё Янкі Купалы, і пра яго інтымны свет. Будзем прапаноўваць гэтае падарожжа на працягу ўсяго гэтага тыдня. Плануем працяг такіх акцый, таму што бачым: яны маюць станоўчы водгук у моладзі. У нашых планах — падарожжы па музею, фотасесіі, каб далучыць людзей да культуры, каб музей быў не толькі скрыняй, дзе захоўваюцца рэчы, важныя для гісторыі, але і культурным аб`ектам, дзе можна добра і з карысцю правесці час".

БелаПАН
, 14 лютага 2012 

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/963/12289
Текущая дата: 15.11.2024