Белорусский портал в Казахстане

Каноплі на ўзлессі



Барысаў дэманструе жорсткую барацьбу з наркотыкамі.

У апошнія два гады аддзяленне па наркакантролі і процідзеянні гандлю людзьмі Барысаўскага РУУС з`яўляецца лепшым у Мінскай вобласці па выніках аператыўна-пошукавай дзейнасці — колькасці канфіскаваных наркатычных рэчываў, выяўленні наркапрытонаў, перакрыцці каналаў пастаўкі наркотыкаў, раскрыцці цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў. Сямёра супрацоўнікаў аддзялення забяспечваюць парадак на тэрыторыі Барысава (трэцяга па велічыні пасля Бабруйска і Баранавічаў райцэнтра ў краіне) і Барысаўскага раёна, а таксама ў горадзе Крупкі.

Гадоў восем-дзевяць таму Барысаў, паводле народнага меркавання, быў горадам неўтаймаванага крыміналу, у тым ліку і пэўнага засілля наркотыкаў. У адным з раёнаў горада звычайныя жыхары шматпавярховак пастаянна скардзіліся на "разгул" наркаманаў. Сёння адзін з дасведчаных знаёмых кажа, што гатовы заплаціць "штуку" баксаў, калі мне ўдасца набыць у горадзе наркотык. Спрачацца я не стала, паколькі як жыхарка Мінска цяжка ўяўляю, дзе і ў каго пытацца пра забароненыя рэчывы (іншая справа — сталічныя "пункты", пра дурную славу якіх ведаюць нават такія ненаркаманы, як я). Словам, цяпер, як сцвярджаюць вынікі працы Барысаўскага РУУС, па лініі наркакантролю, а таксама барацьбы з гандлем людзьмі, на тэрыторыі горада і блізкай да яго наведзены і падтрымліваецца пэўны парадак.

На тэрыторыі Барысаўскага раёна і такога невялічкага райцэнтра, як Крупкі, насельніцтва пражывае, галоўным чынам, у прыватных дамах — а значыць, мае і зямельныя ўчасткі. Гэтая акалічнасць у пэўным сэнсе спрыяе культывацыі несумленнымі грамадзянамі на сваіх агародах і ў цяпліцах маку і канопляў — сыравіны для вырабу наркотыкаў.

Так, летась дзяўчына з хлопцам вырошчвалі на тэрыторыі Крупскага раёна каноплі, якія збіралі, здрабнялі, сушылі і прадавалі на працягу года буйнымі партыямі. У лютым мінулага года прадпрымальных маладых людзей затрымалі ў момант рэалізацыі ў Барысаве больш як 2 кг марыхуаны, за якую яны хацелі атрымаць каля 5 тысяч еўра. У выніку гандляры былі асуджаны да 8 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй.

Адным з нядаўніх яркіх прыкладаў недазволенага садоўніцтва можна лічыць і затрыманне гераінавага наркамана, які для таго, каб мець магчымасць набываць неабходны наркотык, вырошчваў у цяплічных умовах — з належнай вентыляцыяй, цеплаізаляцыяй — 35 кг канопляў. Лабараторыя знаходзілася пад Барысавам, у дачным кааператыве "Стаі". "Лабаранту" пагражае ад 5 да 15 гадоў з канфіскацыяй.

— Пасля адбывання пакарання такія асобы не застаюцца без нагляду міліцыі, — тлумачыць начальнік аддзялення па наркакантролі і процідзеянні гандлю людзьмі Барысаўскага РУУС, падпалкоўнік міліцыі Ігар Райкевіч. — Нельга выключаць, што яны працягнуць свой ранейшы занятак. На жаль, у нас ёсць такія, хто "за наркотыкі" мае па 5-7 судзімасцяў. Наркаманы даволі часта для таго, каб мець грошы на набыццё наркотыкаў, звязваюцца і з іх распаўсюджваннем. Або ідуць на іншыя злачынствы — дробныя крадзяжы ў магазінах і на рынках, з аўтамабіляў і гаражоў. Нярэдка з гэтай мэтай яны выязджаюць, скажам, у Жодзіна ці Мінск... Такім чынам, чалавек, які вызваліўся з месцаў пазбаўлення волі, пэўны час знаходзіцца пад нашым кантролем. Ён павінен быць дома пасля 22.00, час ад часу з`яўляцца ў органы міліцыі...

Гэта адзін са спосабаў прафілактыкі рэцыдыўнай злачыннасці. У цэлым жа прафілактыка мае на мэце прадухіленне распаўсюджвання наркаманіі, а разам з ёю злачыннасці і распаўсюджвання ВІЧ-інфекцыі і гепатытаў. Падобная работа скіравана, галоўным чынам, на школьнікаў, навучэнцаў каледжаў і мясцовага тэхнікума. У 2009-м і 2010-м гадах ім паказвалі, напрыклад, відэафільм "Скажы "Не" наркотыкам", праводзілі анкетаванне, якое, дарэчы, паказала, што невялікі працэнт падлеткаў спрабаваў рознага кшталту наркотыкі — каб запэўніць "сяброў", што "таксама можа". Самае сумнае, што літаральна з кожным годам за забароненым заняткам затрымліваюцца ўсё больш юныя асобы. Гэтым летам у дзіцячым лагеры траіх падлеткаў ва ўзросце да 16 гадоў супрацоўнік міліцыі затрымаў, калі тыя збіраліся "пакурыць". А ў навучэнца каледжа канфіскавалі каля 10 г марыхуаны. Кажа, "падарылі" ў грамадскай прыбіральні. Сёння ўжо ёсць не проста "класічныя" наркаманы, але і такія, хто можа ўжыць наркотык для таго, каб зняць "сіндром адмены" пасля ўжывання напярэдадні алкагольных напояў. Між тым, такія сітуацыі з высокай доляй верагоднасці заканчваюцца перадазіроўкай і гібеллю.

Паводле звестак гарадскога псіханеўралагічнага дыспансэра, на наркалагічным уліку ў Барысаве — каля 200 нарказалежных. У электроннай базе раённага аддзялення міліцыі — каля 2,5 тысячы чалавек, якія як мінімум раз дастаўляліся ў міліцыю за ўжыванне наркотыкаў. Рэальна ж размова можа ісці пра лічбу ў 3-4 разы большую.

Самы распаўсюджаны наркотык у Барысаве — опій, далей ідуць марыхуана, курыльныя сумесі, амфетаміны, гераін-метадон. З Казахстана, Узбекістана праз Расію гераін ідзе транзітам у Польшчу і далей у Заходнюю Еўропу. Часткова тавар асядае ў розных гарадах Беларусі, у тым ліку ў Барысаве. З Прыбалтыкі і Польшчы паступае амфетамін, курыльныя сумесі і "крышталі" — замена амфетаміну.

Апіяты, як вядома, гатуюцца з насення маку, з якога, у сваю чаргу, і вырабляюць уласна наркотык — макавую саломку. Трэба разумець, што мак маку — розніца. Чысты, без усялякіх прымесяў, мак падыходзіць хіба што для печыва, мак з прымесямі — для вырабу наркотыку. Барысаў, між іншым, стаў адным з першых гарадоў, дзе пачалі заводзіць крымінальныя справы пры выяўленні менавіта такога, "бруднага" маку. З нядаўняга часу гэта практыкуецца па ўсёй тэрыторыі краіны, паколькі на насенне маку ўжо ўведзены дзяржаўны стандарт. І цяпер відавочна, што мак з прымесямі, нават пакуль гэта не гатовы наркотык, — забароненае рэчыва.

Паводле слоў старшага оперупаўнаважанага аддзялення па наркакантролі і процідзеянні гандлю людзьмі Барысаўскага РУУС, капітана міліцыі Віталя Прачкоўскага, летась выяўлена незаконных пасеваў маку і каноплі на агульнай плошчы 4 тысячы кв. метраў. Вынішчана 1487 кг маку і каноплі, што на 100 кг больш, чым у 2010 годзе. Штогод у межах агульнарэспубліканскай спецпраграмы "Мак" усе жыхары інфармуюцца аб адміністрацыйнай адказнасці за вырошчванне пасеваў маку і канапель. І ўсё роўна знаходзяцца бабулькі з дзядулямі, якія сцвярджаюць, што каноплі ад мошак добра дапамагаюць. Міліцыя цярпліва тлумачыць, што мошкі, можа, і не наляцяць, а вось наркаманы — дакладна. Адшукваюцца і "безгаспадарныя" культываваныя ўчасткі каноплі дзе-небудзь на ўзлессі.

На працягу года, згодна са спецыяльным планам і пры ўдзеле спецпадраздзяленняў міліцыі "адпрацоўваюцца" дыскатэкі, рэстараны, бары... Тут выяўляюцца, як правіла, амфетаміны і курыльныя сумесі. Апошнія, дарэчы, знешне і на пах могуць быць падобнымі на звычайны тытунь. І толькі спецыяльная экспертыза выяўляе, што гэты тытунь прапітаны наркотыкам. Двухграмовы пакецік такой атруты каштуе каля 100 тысяч рублёў.

Гераін-метадон — зусім не той, што прапануецца наркаманам у пунктах замяшчальнай тэрапіі, арганізаваных для лячэння ін`екцыйных наркаманаў. У гэтых пунктах наркаманы ўжываюць спецыяльна выраблены метадон, які дапамагае паступова адмовіцца ад гераінавай залежнасці, унутрывеннага ўвядзення наркотыку. Аднак прадпрымальныя людзі дадаюць у гераін-метадон, які прадаецца наркаманам, самыя розныя "дабаўкі", з-за чаго залежны даволі хутка атрымлівае велізарныя язвы ў месцах уколаў.

"Летась наша аддзяленне выявіла 127 злачынстваў, з якіх 27 адносяцца да катэгорыі цяжкіх і асабліва цяжкіх — тых, за якія прадугледжана адказнасць ад 6 гадоў пазбаўлення волі, а таксама 6 злачынстваў у галіне гандлю людзьмі — за распаўсюджванне парнаграфічнай прадукцыі, выкарыстанне занятку прастытуцыяй, вярбоўку з мэтай сэксуальнай эксплуатацыі, — тлумачыць Віталь Прачкоўскі. — Звычайна мясцовых жыхарак вывозяць у прытоны Расіі, але бывае, што і ў краіны далёкага замежжа. Так сёння ў вышуку знаходзіцца грамадзянін Грэцыі, які разам з нашай грамадзянкай у маі мінулага года падабраў дзвюх жанчын для заняткаў прастытуцыяй на тэрыторыі Грэцыі. Вярбоўшчыца і завербаваныя былі затрыманы намі на апошнім этапе, калі збіраліся выязджаць на аўтамабілі спачатку ў Маскву. Вярбоўшчыца пазбаўлена волі на 7 гадоў. На працягу года мы выяўляем дзве-тры спробы вывазу нашых дзяўчат за мяжу з мэтай сэксуальнай эксплуатацыі".

Штогод у дачыненні да жанчын сэкс-бізнэсу Барысава і Барысаўскага раёна складаецца 20-30 адміністрацыйных пратаколаў, часам па некалькі на адну. Адначасова заводзяцца улікова-прафілактычныя справы, вывучаюцца ўмовы, якія справакавалі такі спосаб заробку. На колькасць жанчын, якія аказваюць сэкс-паслугі, падобны кантроль амаль не ўплывае, аднак прафілактуецца распаўсюджванне захворванняў, якія перадаюцца палавым шляхам, а таксама ўцягванне ў крымінальную дзейнасць, звязаную ў тым ліку з наркотыкамі.

Святлана Барысенка
Звязда, 3 сакавіка 2012

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/966/12600
Текущая дата: 26.12.2024