Белорусский портал в Казахстане

Анамальна халодны люты



Сярэдні тэмпературны фон цяпер у Беларусі на 12—16 градусаў ніжэйшы за кліматычную норму.

Вельмі халоднае надвор`е захаваецца ў нашай краіне яшчэ і на працягу першай паловы лютага, паведаміла рэдакцыі спецыяліст Рэспубліканскага гідраметцэнтра Мінпрыроды Вольга Фядотава.

У пятніцу чакаецца пераменная воблачнасць, і толькі ў асобных раёнах магчымы невялікі снег. Тэмпература ўдзень мінус 15—21, у асобных раёнах нават да 23 марозу.

А вось у выхадныя да нас пачнуць рухацца больш вільготныя паветраныя масы з боку Чорнага мора. Павялічыцца воблачнасць. У суботу па паўднёвым усходзе, а ў нядзелю ўжо амаль паўсюдна пройдзе снег, месцамі мяцеліца. Тэмпература паветра ўначы на суботу 22—29 градусаў ніжэй за нуль, на паўночным захадзе пры праясненнях да мінус 30—32; удзень у суботу мінус 15—20. Крыху цяплей будзе ў суботу на паўднёвым усходзе, дзе ўначы мінус 16—21, удзень —10—14 марозу. У нядзелю ўначы прагназуецца мінус 15—22, на паўночным захадзе мінус 23—28, удзень — 11—18 марозу. У Гомельскай вобласці і на паўднёвым усходзе Магілёўскай уначы мінус 9—14, удзень — 5—10 градусаў ніжэй за нуль. Маразы ў гэтыя выхадныя стануць для нас сапраўды жорсткімі, бо будуць суправаджацца часам рэзкім парывістым ветрам.

У першыя дні наступнага тыдня маразы крыху адпусцяць. У панядзелак уначы паўсюдна, а ўдзень месцамі пройдзе кароткачасовы снег. Тэмпература ўначы мінус 9—14, на ўсходзе — да 15—20 марозу; удзень 5—12 ніжэй за нуль, на ўсходзе — да мінус 15 градусаў.

Паводле папярэдніх прагнозаў айчынных сіноптыкаў, у сярэдзіне наступнага тыдня атмасферны ціск пачне павялічвацца і зноў вернуцца моцныя маразы. Так, уначы ў сераду прагназуецца мінус 15—22, пры праясненнях да 25—28 марозу, удзень — 10—17 градусаў ніжэй за нуль.

Сяргей Куркач
Звязда, 3 лютага 2012


Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/967/12038
Текущая дата: 15.11.2024