Белорусский портал в Казахстане

Праверка фінансавага боку фіналу "Еўрафэста" паказала недапушчальнасць такіх затрат, заяўляюць у Адміністрацыі прэзідэнта



Камісія па праверцы вынікаў фіналу "Еўрафэста" прыйшла да высновы аб недапушчальнасці такіх фінансавых затрат.

Пра гэта паведаміў 24 лютага на нарадзе ў кіраўніка дзяржавы першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Аляксандр Радзькоў, які ўзначаліў камісію, што працавала над гэтым пытаннем.

Паводле яго слоў, апрача вынікаў галасавання, быў правераны фінансавы бок правядзення фіналу "Еўрафэста". "Мы ўзнімалі гэтыя фінансавыя пытанні і звярталі ўвагу на недапушчальнасць такіх затрат", — цытуе Радзькова прэс-служба прэзідэнта.

Больш падрабязна па гэтым пытанні паведаміла намеснік старшыні Белтэлерадыёкампаніі Алена Гулевіч. "Крыніцамі аплаты былі пазабюджэтныя сродкі Белтэлерадыёкампаніі, сродкі рэспубліканскага бюджэту і не менш як 50% — удзел спонсара ААТ "Амкадор", — сказала яна. Пры гэтым ужо патрачана значная частка з тых сродкаў, якія меркавалася накіраваць на творчую дзейнасць да канца года.

"З прыходам Алены Гулевіч у Белтэлерадыёкампанію ў нас стала з`яўляцца рэальная карціна фінансавага становішча на тэлебачанні. Сітуацыя з правядзеннем "Еўрафэста" паказвае, што пакуль яснага канструктыўнага ўзаемадзеяння паміж кіраўніком і намеснікам, які курыруе фінансы, няма, — паведаміў кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Уладзімір Макей. — Такая ж сітуацыя і па некаторых іншых праектах".

"Мы не можам падмяняць дзейнасць кіраўніка "Белтэлерадыёкампаніі", але з нашага боку мы прызнаём, што варта было б дзейнічаць больш цвёрда і актыўна", — сказаў Макей.

"Так, Вы не павінны нікога падмяняць — там ёсць кіраўнік.Але мы маем права іх мяняць", — зазначыў Лукашэнка.

Звяртаючыся да намесніка прэм`ер-міністра Анатоля Тозіка, кіраўнік дзяржавы падкрэсліў: "Калі ўжо быць шчырымі, Анатоль Афанасьевіч, гэта ваша пытанне — фінансавае. Адміністрацыя прэзідэнта адказвае за ідэалагічны складнік. А які ваш удзел у гэтым? Вы грошы там палічылі, пракантралявалі разам з профільным міністрам ці хаця б напрамую?"

"На жаль, не займаліся гэтым. Меркавалі, што гэта не наша поле дзейнасці. Зробім высновы", — адказаў Тозік.

"Грошы вы павінны лічыць. Бюджэт ва ўрадзе, а не ў Адміністрацыі", — заўважыў Лукашэнка.

"Запрасілі вялікіх зорак, заплацілі ім немалыя грошы. Калі мы такія бедныя, дык давайце мы гэтыя грошы ўкладзём у сваіх. Няхай нашы выйдуць і спяюць. Тая ж Афанасьева, Саладуха, Дарафеева. Вось пра што пытанне сёння", — сказаў кіраўнік дзяржавы.

"Адпраўце па фінансавых пытаннях туды Камітэт дзяржкантролю і няхай мне напрамую паведамляюць сумленна і аб`ектыўна, што там адбываецца", — даручыў Лукашэнка.

"Майце на ўвазе, я на гэту тэму размаўляю апошні раз", — папярэдзіў ён. — Я вас туды адправіў (Генадзя Давыдзьку), урэшце, як свайго чалавека, які павінен навесці там парадак. Але размахваць шашкай, асабліва ў фінансавых пытаннях, гэта нават небяспечна. Прымусьце кожнага прыносіць у капілку, а не забіраць з гэтай капілкі".

"Гэта павінен быць урок не толькі "Белтэлерадыёкампаніі" і Міністэрству культуры, — дадаў Аляксандр Лукашэнка. — У бюджэт гэтыя грошы нехта прыносіць. Мы павінны лічыць кожную капейку. Усюды трэба лічыць грошы і падыходзіць разумна".

Лукашэнка таксама запатрабаваў, каб Ланской, а таксама ўдзельнікам гурту Litesound былі прынесены прабачэнні.

Кіраўнік дзяржавы таксама зазначыў: "Заахвочванне ўдзельніка "Еўрабачання" залежыць ад таго, як ён там выступіць, якое зойме месца. Гэтак жа, як і ў спорце: вынік на стол — атрымлівай і матэрыяльнае, і маральнае ўзнагароджанне, як гэта было з Вікторыяй Азаранка, Дар`яй Домрачавай, Кацярынай Карстэн і многімі іншымі", — зазначыў Лукашэнка.

Аляксей Арэшка, БелаПАН
Мінск, 25 лютага 2012

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/968/12477
Текущая дата: 26.12.2024