Белорусский портал в Казахстане

Ахвяры сталінізма



Больш як паўтара мільёна чалавек былі рэпрэсаваныя ў Беларусі з Кастрычніцкай рэвалюцыі па 1953 год.

Больш як паўтара мільёна чалавек былі рэпрэсаваныя ў Беларусі ў перыяд з Кастрычніцкай рэвалюцыі па 1953 год, аднак афіцыйная лічба складае 600 тысяч. Пра гэта заявіў гісторык Ігар Кузняцоў 16 студзеня на пасяджэнні круглага стала "Палітычныя рэпрэсіі: гісторыя і сучаснасць" у Мінску.

"Сёлета спаўняецца 75 гадоў вялікаму тэрору 1937 года, у сувязі з чым мы хочам аб`явіць 2012-ты Годам памяці ахвяраў сталінскага тэрору. Добра, што дзяржава аб`явіла яго Годам кнігі: мы вельмі спадзяемся, што выйдуць кнігі і па гісторыі рэпрэсій  у Беларусі — гэта ж таксама духоўная спадчына краіны", — зазначыў Кузняцоў.

Гісторык таксама заявіў пра існаванне беларускага катынскага спісу. Гэта дакумент, што ўтрымлівае імёны не менш як 3.870 палякаў, забітых НКУС на тэрыторыі Беларусі ў 1940 годзе. Польшча беспаспяхова дабіваецца ад Расіі, каб гэты спіс быў знойдзены.

"Сярод афіцыйна рэабілітаваных (з тых, хто былі расстраляныя ў Мінску) — 5.772 прозвішчы, якія нам вядомыя. 20% з іх палякі. Гэта звесткі КДБ, даныя Вярхоўнага суда, гэта тыя, якія праходзілі працэс афіцыйнай рэабілітацыі", — зазначыў Кузняцоў.

"Сёння маўчаць пра гэта, нават праз 75 гадоў, гэта значыць зневажаць тых, хто загінуў. Аказваецца, беларускага спісу наогул няма, ніводнага паляка не было забіта на тэрыторыі Беларусі! Але наогул сёння інфармацыю ўтаіць абсалютна немагчыма. Ёсць украінскія спісы, ёсць расійскія. Урэшце рэшт, для тэлеканала "Белсат" мы летась стварылі фільм са спасылкай нават на дакументы ФСБ, што гэты спіс ёсць. Дзе ён знаходзіцца — у Маскве або знішчаны ў Беларусі — не надта важна, трэба прызнаць існаванне гэтага факта", — сказаў Кузняцоў.

БелаПАН

16 студзеня 2012

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/970/11805
Текущая дата: 15.11.2024