Белорусский портал в Казахстане

У беларускіх СМІ дастатковы патэнцыял для заваявання свайго карыстальніка ў Інтэрнэце



Такое меркаванне выказаў міністр інфармацыі Алег Праляскоўскі на калегіі ведамства па выніках 2011 года.

У беларускіх СМІ дастатковы творчы патэнцыял для заваявання свайго карыстальніка ў Інтэрнэце.

"Развіццё лічбавых тэхналогій уплывае на ўсе сферы жыцця чалавека, прадугледжвае якасна новыя падыходы да перадачы інфармацыі. Яе распаўсюджванне ў віртуальным асяроддзі ўжо сёння вядзе да віртуалізацыі інфармацыйнай дзейнасці, павышэння інтэрактыўнасці СМІ. Па ўплыву на медыйнай прасторы Беларусі Інтэрнэт пакуль уступае тэлебачанню, аднак як роўны канкурыруе з друкаванымі, пераўзыходзіць радыё і прадаўжае заваёўваць усё новыя пазіцыі", - адзначыў Алег Праляскоўскі. Паводле ацэнак ААН, Беларусь уваходзіць у ТОП-20 краін з найбольшым тэмпам росту аўдыторыі інтэрнэт-карыстальнікаў, да іх ліку належаць ужо больш як 4 млн. беларусаў. "Сёння большасць СМІ рэспублікі маюць сваё інтэрнэт-прадстаўніцтва. Але да гэтага часу ёсць сайты, якія абнаўляюцца ад выпадку да выпадку, не выкарыстоўваюцца ў поўнай меры мультымедыйныя магчымасці. Між тым формула поспеху ў Інтэрнэце - актуальнасць, аператыўнасць, унікальнасць, інтэрактыўнасць. У нашых СМІ дастатковы творчы патэнцыял, каб заваяваць свайго карыстальніка ў Інтэрнэце", - перакананы міністр інфармацыі.

Кіраўнік ведамства таксама дадаў, што ключавую ролю ў рэалізацыі дзяржаўнай інфармацыйнай палітыкі адыгрывае нацыянальнае тэлебачанне. Нацыянальныя каналы пастаянна ўдасканальваюць грамадска-палітычнае вяшчанне, праграмы навін і інфармацыйна-аналітычныя праграмы рэспубліканскіх тэлеканалаў запатрабаваны насельніцтвам краіны. Паводле слоў Алега Праляскоўскага, з эканамічнага пункту гледжання 2011 год быў няпростым для тэлеканалаў, значна зменшылася колькасць рэкламы. Аднак АНТ і СТБ забяспечылі рост чыстага прыбытку ў параўнанні з 2010 годам.

Адным з прыярытэтаў дзейнасці Міністэрства інфармацыі з`яўляецца развіццё рэгіянальнага тэлерадыёвяшчання. "Разам з тым некаторыя рэгіянальныя тэлевізійныя СМІ дэ-факта імітуюць інфармацыйную дзейнасць: іх уласнае вяшчанне складаецца толькі з адной гадзіннай інфармацыйнай праграмы", - адзначыў міністр інфармацыі. На яго думку, праблема звязана з няхваткай высокакваліфікаваных кадраў, у тым ліку менеджараў, а таксама слабым матэрыяльна-тэхнічным аснашчэннем.

Алег Праляскоўскі лічыць, што ў 2012 годзе трэба пашырыць практыку па стварэнню на базе мясцовых тэлекампаній своеасаблівых міні-холдынгаў, якія ажыццяўляюць, акрамя асноўнай дзейнасці, камерцыйныя праекты па розных напрамках.

Комплексны падыход да вырашэння многіх праблем павінен знайсці адлюстраванне ў праграме развіцця рэгіянальнага тэлерадыёвяшчання, распрацоўка якога павінна быць завершана ў 2012 годзе.

БЕЛТА, 17 лютага 2012

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/971/12384
Текущая дата: 27.12.2024