Белорусский портал в Казахстане

Аляксандр Лукашэнка 13 лютага ўказам № 65 зацвердзіў Пагадненне паміж Беларуссю і Расіяй аб сумеснай ахове знешняй мяжы Саюзнай дзяржавы ў паветранай прасторы і стварэнні Адзінай рэгіянальнай сістэмы супрацьпаветранай абароны (АРС СПА)



Аб гэтым паведаміла прэс-служба беларускага прэзідэнта.

Пагадненне было падпісана 3 лютага 2009 года міністрамі абароны дзвюх краін, а 28 снежня таго ж года прэзідэнт Расіі Дзмітрый Мядзведзеў ужо падпісаў федэральны закон аб ратыфікацыі гэтага міжнароднага акта, пасля таго як адпаведныя рашэнні былі прынятыя Дзяржаўнай думай і Саветам Федэрацыі Федэральнага сходу РФ.

У паведамленні прэс-службы кіраўніка беларускай дзяржавы гаворыцца, што "рэалізацыя пагаднення дазволіць аснашчаць войскі (сілы) АРС СПА ўзбраеннем і ваеннай тэхнікай на аснове адзінай ваенна-тэхнічнай палітыкі, выпрацоўваць адзіныя патрабаванні да баявой гатоўнасці і вывучкі войскаў (сіл), арганізацыі іх аператыўнай і баявой падрыхтоўкі". У пагражальны перыяд і ў ваенны час частка сіл і сродкаў АРС СПА будзе прымяняцца ў складзе рэгіянальнай групоўкі войскаў (сіл) Беларусі і Расіі.

АРС узначаліць камандуючы, які пасля ўваходжання ў сілу пагаднення будзе прызначаны на гэтую пасаду рашэннем прэзідэнтаў Беларусі і Расіі.

Як паведамляў БелаПАН, аснову АРС СПА складаюць органы ваеннага кіравання, пункты кіравання (камандныя пункты), аб`яднанні, злучэнні і вайсковыя часці бакоў, якія прыцягваюцца да вырашэння задач супрацьпаветранай абароны ў рэгіёне згодна з пералікам, які зацвярджаецца міністрам абароны дзвюх краін у трохмесячны тэрмін з дня ўваходжання ў сілу пагаднення.

Асноўнымі задачамі АРС СПА з`яўляюцца разведка, ахова і абарона знешняй мяжы Саюзнай дзяржавы ў паветранай прасторы, кантроль за выкананнем правілаў выкарыстання паветранай прасторы ў рэгіёне. Яна павінна прымушаць паветраныя судны, якія выконваюць палёты з парушэннямі, спыніць парушэнні або спыняць такія палёты, а таксама павінна прыкрываць зенітнымі ракетамі найбольш важныя аб`екты ў рэгіёне.

Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН
Мінск, 13 лютага 2012

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/972/12252
Текущая дата: 27.12.2024