Белорусский портал в Казахстане

Пачынаць афармляць свае зямельныя ўчасткі лепш сёлета



У Беларусі для вядзення калектыўнага садаводства насельніцтву было выдзелена каля 518 тысяч зямельных участкаў.

Разам з тым, па стане на 20 снежня 2011 года цалкам зарэгістравана з іх было толькі 358 тысяч 183 участкі. У сувязі з гэтым карыстальнікаў такіх зямель цікавіць адно сур`ёзнае пытанне. Няўжо і сапраўды з першых дзён новага года можа пачацца рэалізацыя ўсіх пунктаў Указа кіраўніка дзяржавы № 50 "Аб мерах па ўпарадкаванні дзейнасці садаводчых таварыстваў"? Там прадугледжваецца, што калі да 1 студзеня 2012 года такі ўчастак не зарэгістраваць, то гэта можа з`яўляцца падставай для канфіскацыі такіх зямельных участкаў у адпаведнасці з заканадаўствам аб ахове і выкарыстанні зямель.

Намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па маёмасці Беларусі Андрэй Гаеў паведаміў рэдакцыі, што гэта сапраўды так. Такая норма дзейнічае ўжо шмат гадоў, таму ў людзей хапала часу на афармленне гэтых участкаў. Разам з тым, Андрэй Анатольевіч удакладніў, што, калі грамадзяне ўжо рабілі захады, накіраваныя на афармленне сваіх зямельных участкаў, тады супраць іх штрафных санкцый з наступнай канфіскацыяй прымацца не будзе. Спадар Гаеў падкрэсліў, што ў першую чаргу спецыялісты землеўпарадкавальнай службы будуць займацца тымі гора-гаспадарамі, хто ўвогуле не падаў заявы на правядзенне гэтай рэгістрацыі зямельных участкаў. Сёння час для падачы такой заявы ў людзей яшчэ ёсць.

Сяргей Куркач
Звязда, 28 снежня 2011


Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/976/11406
Текущая дата: 15.11.2024