Белорусский портал в Казахстане

"Еўрапейскія каштоўнасці з двайным дном". Выстава БЕЛТА "Мяжа паміж жыццём і смерцю" адкрылася ў Віцебску



Каля 100 здымкаў прадстаўлена на фотавыставе БЕЛТА "Мяжа паміж жыццём і смерцю", якая адкрылася ў Віцебску на чыгуначным вакзале.

На фота адлюстраваны крызіс: як міграцыйны, што ахапіў краіны Блізкага Усходу і Афрыкі, так і чалавечы, які паразіў, нібы эпідэмія, еўрапейскія дзяржавы. Мірныя жыхары, чые дамы былі разбураны, былі вымушаны шукаць лепшай долі на Захадзе, дзе ім абяцалі лепшае жыццё, але сутыкнуліся з сапраўднай антыгуманнасцю. За калючым дротам беларуска-польскай граніцы мігранты наткнуліся на жорсткі адпор "дабрадзеяў". Аднак яны сустрэлі дапамогу і падтрымку беларусаў.

"Замест тысячы слоў тут красамоўна гаворыць кожны здымак, і іх шмат. Паказаныя на фатаграфіях людзі, у чые дамы пастукалася бяда, якія засталіся без прытулку, паверылі еўрапейскім пасылам аб гуманнасці і чалавекалюбстве, аказаліся падманутымі. З імі абыходзіліся, як з жывёлінай, варта толькі зірнуць на польскіх пагранічнікаў, якія драўлянымі рагацінамі праганялі і мужчын, і жанчын, і дзяцей ад граніцы. Гэта выстава расказвае не толькі пра цяжкія лёсы мігрантаў, яна паказвае еўрапейскія каштоўнасці з двайным дном. Непрыняцце іншых, не падобных на іх, падзел на людзей першага і другога сорту, што, на жаль, апошнім часам культывуецца так званым калектыўным Захадам. І як проціпастаўленне гэтаму - праяўленыя беларусамі іх лепшыя рысы: дабрыня, гатоўнасць заўсёды прыйсці на дапамогу і працягнуць руку тым, хто апынуўся ў бядзе", - адзначыў у час адкрыцця экспазіцыі першы намеснік генеральнага дырэктара БЕЛТА Васіль Мацвееў.

Фотавыстава аб`ехала ўсе рэгіёны Беларусі і завяршае свой экспазіцыйны тур у Віцебску. З ёй пазнаёміліся ўжо амаль 100 тыс. чалавек. Паводле слоў Васіля Мацвеева, гэтыя фота ўсюды выклікаюць жывы водгук, не пакідаюць нікога абыякавым, кожны знаходзіць тое, што чапляе за душу. Гэта пацвярджаюць і наведвальнікі ў Віцебску, якія не могуць прайсці міма і падоўгу ўзіраюцца ў твары на фота, чытаюць чужыя эмоцыі і не знаходзяць адказу на галоўнае пытанне: як такое можа адбывацца ў XXI стагоддзі?

Экспазіцыю ў Віцебску можна наведаць да 19 чэрвеня.

12 чэрвеня 2023, Віцебск
Алеся Пушнякова - БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/98/69700
Текущая дата: 07.10.2024