Белорусский портал в Казахстане

Фонд Эберта спыняе сваю дзейнасць у Беларусі па рашэнні беларускіх уладаў



Міністэрства замежных спраў Беларусі пацвердзіла факт закрыцця беларускага прадстаўніцтва фонду Фрыдрыха Эберта.

"Мы прынялі такое рашэнне ў сувязі з тым, што дзейнасць фонду не ў поўнай меры адпавядае крытэрыям канструктыўнага ўзаемадзеяння з органамі дзяржаўнага кіравання Беларусі", — заявіў прэс-сакратар МЗС Андрэй Савіных.

"Трэба таксама прызнаць, — дадаў ён, — што на гэтае рашэнне паўплывала рэзкая радыкалізацыя пазіцыі Германіі ў дачыненні да Беларусі, адказнасць за якую цалкам і поўнасцю ляжыць на нямецкім баку".

Фонд імя Фрыдрыха Эберта з`яўляецца адным з найбуйнейшых некамерцыйных фондаў Германіі, блізкім да Сацыял-дэмакратычнай партыі. Ён быў заснаваны ў 1925 годзе і названы ў гонар першага ў гісторыі Германіі дэмакратычна абранага кіраўніка дзяржавы.

Прадстаўніцтвы фонду працуюць больш чым у 100 краінах.

Беларускае прадстаўніцтва было адкрыта ў Мінску ў 1997 годзе. Яно займалася падтрыманнем кантактаў з дзяржаўнымі ўстановамі, няўрадавымі арганізацыямі, вядомымі палітычнымі і грамадскімі дзеячамі. Так, напрыклад, адным з праектаў прадстаўніцтва была арганізацыі ў Мінску дыспутаў памяці Ёханэса Рау з удзелам вядучых нямецкіх палітыкаў.

У 2006 і 2008 гадах у прадстаўніцтва фонду ўжо ўзнікалі праблемы — яно было пазбаўлена дазволу на ажыццяўленне дзейнасці ў Беларусі, але тады гэтае пытанне ўдалося ўрэгуляваць.

Цяперашняе рашэнне беларускіх уладаў закрыць мінскае прадстаўніцтва фонду Эберта з`яўляецца вельмі трывожным сігналам, заявіла ў каментары радыёстанцыі "Нямецкая хваля" дэпутат бундэстага ад Сацыял-дэмакратычнай партыі Германіі Ута Цапф. "Мы мала што можам зрабіць у цяперашняй сітуацыі, паколькі адносіны з Беларуссю практычна замарожаны", — сказала яна.

Цапф выказала надзею на тое, што МЗС Германіі не пакіне без увагі гэты факт і дасць яму належную ацэнку.
Афіцыйнага каментара нямецкага боку наконт рашэння ўладаў Беларусі закрыць прадстаўніцтва фонду Эберта пакуль няма.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН
Мінск, 8 снежня 2011

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/983/11096
Текущая дата: 15.11.2024