Белорусский портал в Казахстане

Мадэрнізаваныя і новыя прадпрыемствы, у якія былі ўкладзены значныя дзяржаўныя сродкі, павінны працаваць без ільгот і прыносіць прыбытак у бюджэт



Пра гэта сказаў Аляксандр Лукашэнка 12 снежня ў ходзе рабочай паездкі ў Магілёўскую вобласць.

"Я хачу напружыць прадпрыемства, каб пасля будаўніцтва яно поўнасцю плаціла падаткі, вяртала крэдыты і функцыянавала як належыць. Інакш навошта тады патрэбна гэтае прадпрыемства, якое павінна даваць максімум выгады для дзяржавы, а мы яго будзем ільгатаваць, недаатрымліваючы тым самым сродкі ў бюджэт", — цытуе Лукашэнку прэс-служба прэзідэнта.

У прыватнасці, беларускі кіраўнік наведаў папяровую фабрыку "Спартак" у Шклове, дзе пацікавіўся, як выкананы яго даручэнні, дадзеныя некалькі гадоў таму, па тэхнічным перааснашчэнні і рэканструкцыі прадпрыемства. Лукашэнка асабліва падкрэсліў, што драўніны, якая з`яўляецца сыравінай для папяровай галіны, у краіне дастаткова, аднак паперу даводзілася закупляць за мяжой.

Як праінфармаваў кіраўніка дзяржавы дырэктар фабрыкі Сяргей Шумскі, усе работы завершаны, прадпрыемства працуе рэнтабельна і ў наступным годзе выйдзе на праектныя магутнасці, а рэнтабельнасць дасягне 25-27%. "Гэта істотна для калектыву", — сказаў ён. "Гэта істотна не толькі для калектыву, але і для краіны ў цэлым", — заўважыў Лукашэнка.

Прэс-служба прэзідэнта паведамляе, што агульны кошт тэхпераўзбраення і рэканструкцыі папяровай фабрыкі "Спартак" склаў 338,2 млрд. рублёў у цяперашніх цэнах. З іх на абсталяванне зрасходавана 185,2 млрд., 153 млрд. — на будаўніча-мантажныя работы. Большая частка сродкаў паступіла ў выглядзе бюджэтных пазык. Чакаецца, што з выхадам на праектную магутнасць у 2012 годзе аб`ём вытворчасці на прадпрыемстве вырасце ў супастаўных цэнах у 5,5 разу. У сваю чаргу рост вытворчасці дазволіць істотна павысіць заработную плату работнікам фабрыкі, лічыць кіраўніцтва прадпрыемства.

Марына Носава, БелаПАН
Мінск, 12 снежня 2011

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/990/11151
Текущая дата: 28.12.2024