Белорусский портал в Казахстане

Тыдзень Максіма Багдановіча праходзіць на Першым нацыянальным канале Беларускага радыё



З 5 па 11 снежня на Першым нацыянальным канале Беларускага радыё праходзіць "Тыдзень Максіма Багдановіча" — цыкл юбілейных праграм да 120-годдзя з дня нараджэння паэта.

Як паведамілі ў прэс-службе Белтэлерадыёкампаніі, у штодзённым культуралагічным праекце "Культурная прастора", які выходзіць у эфір у 16.15, у тэматычнай рубрыцы "Чытаем Багдановіча разам" гучаць вершы класіка ў выкананні прадстаўнікоў розных сфер грамадства: дзеячаў культуры, навукі, студэнтаў, школьнікаў.

8 і 9 снежня тэмай музычнай радыёперадачы "Беларуская калекцыя" будзе "Паэзія Багдановіча ў творчасці кампазітара Ігара Паліводы". Слухачам будуць прадстаўленыя запісы поп-оперы "Максім", якая ўпершыню прагучала ў 1992 годзе ў выкананні Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга.

9 снежня, у дзень нараджэння класіка, выйдзе спецыяльны выпуск праграмы "Літаратурны калейдаскоп" (пачатак у 21.00) пад назвай "Зорка Венера".

10 снежня праграма "Тэатр Беларускага радыё" (пачатак у 21.00) прапануе ўвазе сваіх аматараў літаратурна-музычную радыёкампазіцыю "Максім і Магдалена".

11 снежня у праграме "Дабравесце ад паэзіі" (23.00) адбудзецца яшчэ адна прэм`ера — "Апокрыф" паводле паэзіі і прозы Максіма Багдановіча.

У першай палове тыдня слухачы Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё мелі магчымасць даведацца пра біяграфію і лёс народнага паэта, адметнасць яго мовы. Акрамя таго, яны маглі пазнаёміцца з тэматычнай праграмай Уладзіміра Мулявіна на вершы Багдановіча "Вянок", прэм`ера якой адбылася ў 1991 годзе ў Нью-Ёрку ў бібліятэцы ААН.

Анастасія Янушэўская, БелаПАН
Мінск, 8 снежня 2011

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/991/11064
Текущая дата: 28.12.2024