Белорусский портал в Казахстане

Адміністрацыйнымі арыштамі пакараны яшчэ тры ўдзельнікі акцый салідарнасці з палітзняволенымі



Сяргей Лыскоў, Мікіта Каваленка і Аляксандр Вялітчанка, затрыманыя вечарам 26 кастрычніка на Кастрычніцкай плошчы Мінска падчас акцыі салідарнасці з палітзняволенымі, прызнаны вінаватымі ў парушэнні парадку арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў.

Вялітчанка асуджаны на 15 сутак арышту, Лыскоў і Каваленка — на 10, паведаміла праваабаронца Анастасія Лойка. Прыгаворы вынесены судом Ленінскага раёна сталіцы.

Такім чынам, з пачатку правядзення акцый салідарнасці з палітзняволенымі (з 21 кастрычніка) у Мінску асуджаны ўвогуле 11 чалавек. Усе яны прызнаны вінаватымі ў парушэнні парадку правядзення масавых мерапрыемстваў.

Правядзенне акцый салідарнасці ініцыявана грамадзянскай кампаніяй "Еўрапейская Беларусь", лідар якой Андрэй Саннікаў і каардынатар Дзмітрый Бандарэнка ўсё яшчэ знаходзяцца ў зняволенні як асуджаныя па крымінальнай справе аб масавых беспарадках у Мінску 19 снежня.

Супрацоўнікі міліцыі ні разу не далі ўдзельнікам акцый салідарнасці сабрацца на Кастрычніцкай плошчы: людзей пачыналі разганяць і затрымліваць, як толькі яны з`яўляліся на заяўленым месцы. Раз ад разу супрацоўнікі міліцыі пры затрыманні паводзяць сябе ўсё больш жорстка, адзначаюць сведкі і  праваабаронцы.

Нагадаем, 24 кастрычніка начальнік міліцыі грамадскай бяспекі ГУУС Мінгарвыканкама Ігар Яўсееў выступіў з відэазваротам, у якім папярэдзіў арганізатараў і ўдзельнікаў несанкцыянаваных акцый аб адказнасці ў выпадку парушэння грамадскага парадку.

Сяргей Пульша, БелаПАН
Мінск, 27 кастрычніка 2011

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/996/10187
Текущая дата: 15.11.2024