Белорусский портал в Казахстане

Алесю Бяляцкаму могуць дадаць артыкул 193.1



Кіраўніку праваабарончага цэнтру "Вясна" Алесю Бяляцкаму на судовым працэсе, які ўзнаўляецца 16 лістапада, могуць выставіць новыя абвінавачаньні. Пра гэта 14 лістапада заявіў на прэсавай канфэрэнцыі ў Менску праваабаронца Ўладзімер Лабковіч.

Ён лічыць, што да цяперашніх абвінавачаньняў могуць далучыць і артыкул 193.1 Крымінальнага кодэксу.

Артыкул 193.1 прадугледжвае пакараньне за дзейнасьць ад імя афіцыйна не зарэгістраванай у Беларусі грамадзкай арганізацыі. З гэтай нагоды Ўладзімер Лабковіч згадаў, што рэпрэсіі супраць "Вясны" пачаліся яшчэ ў лютым. Якраз тады Генэральная пракуратура Беларусі вынесла пісьмовае папярэджаньне Алесю Бяляцкаму за дзейнасьць ад імя афіцыйна не зарэгістраванай арганізацыі. А на мінулым паседжаньні ў справе Бяляцкага пракурор папрасіў перапынак, каб сфармуляваць новае абвінавачваньне — кажа Ўладзімер Лабковіч: ​​"Фактычна абсалютна відавочна, што справа аб ухіленьні ад падаткаў (асабліва ў буйных памерах) развалілася. Таму мы не выключаем, што дзеля замацаваньня сваёй пазыцыі і рэпрэсіяў супраць Алеся Бяляцкага і "Вясны" яму можа быць прад`яўлена дадатковае абвінавачаньне як раз па артыкуле 193.1. Усе экспэрты і назіральнікі, якія прысутнічалі на апошнім судовым паседжаньні, адзначалі — 90 працэнтаў таго, што гаварылася там, тычылася не так званых рахункаў Бяляцкага, а дзейнасьці праваабарончага цэнтру "Вясна". Таму падаецца верагодным, што дадатковым абвінавачаньнем і будзе артыкул 193.1".

Аднак, на думку міжнародных экспэртаў, наяўнасьць артыкула 193.1 не адпавядае міжнародным прававым стандартам, да якіх далучылася і Беларусь.

Пра гэта гаворыцца ў "Заключэньні аб адпаведнасьці артыкула 193.1 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь датычна правоў незарэгістраваных аб`яднаньняў міжнародным стандартам правоў чалавека". Заключэньне падрыхтавала і прыняла Эўрапейская камісія за дэмакратыю праз права, больш вядомая як Вэнэцыянская камісія. У гэтым дакумэнце, у прыватнасьці, адзначаецца, што такі артыкул "робіць дзейнасьць незарэгістраваных аб`яднаньняў па сутнасьці немагчымай, а значыць, па сутнасьці, абмяжоўвае права на свабоду асацыяцый".

"Ганебным" называе гэты артыкул кіраўнік грамадзкай кампаніі "СТОП 193.1!" Сяргей Лісічонак: "Мы супольнымі намаганьнямі будзем выкарыстоўваць дадзенае Заключэньне дзеля вырашэньня праблемы з гэтым крымінальным артыкулам. Заключэньне сёньня будзе разасланае ў 10 асноўных органаў дзяржаўнай улады. Гэты тыя, хто прымае рашэньне аб адмене гэтага артыкула, хто можа прымаць яго ў адпаведнасьці з Канстытуцыяй і тыя, хто можа ўплываць на тых, хто прымае рашэньні. Найперш маюцца на ўвазе Нацыянальны сход, прэзыдэнцкая адміністрацыя. Але таксама не забудзем і інфармацыйна-аналітычны цэнтар пры адміністрацыі, КДБ..."

Уладзімер Глод
Радыё Свабода
14 лістапада 2011


Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/999/10567
Текущая дата: 26.12.2024