Белорусский портал в Казахстане

У Растоў-на-Доне з Мінска можна будзе даляцець прамым рэйсам



27 красавіка авіякампанія “Белавія” выканае першы рэйс па маршруце Мінск — Растоў-на Доне — Мінск.

Палёты ў Растоў-на-Доне будуць ажыццяўляцца на рэгулярнай аснове чатыры разы на тыдзень з вылетам з Мінска ў 23.10 па панядзелках, серадах, пятніцах і суботах і прыбыццём у Міжнародны аэрапорт Растоў-на-Доне на наступны дзень у 1.25. Зваротны рэйс з Растова-на-Доне плануецца ажыццяўляць з вылетам у 4.00 па аўторках, чацвяргах, суботах і нядзелях з прылётам у Нацыянальны аэрапорт “Мінск” у 6.20. Час для ўсіх аэрапортаў названы мясцовы.

Як плануецца, запуск прамога рэйса паміж Мінскам і Растовам-на-Доне ў першую чаргу, будзе садзейнічаць эканамічнаму росту абодвух гарадоў і развіцці супрацоўніцтва Рэспублікі Беларусь і рэгіёнаў Расійскай Федэрацыі. Акрамя гэтага, гэты рэйс будзе папулярны ў перыяд Чэмпіянату свету па футболе FIFA 2018. Так, балельшчыкі з Беларусі і еўрапейскіх краін змогуць з камфортам дабрацца да Растова-на-Доне.

Палёты плануецца ажыццяўляць на камфартабельным авіялайнеры Embraer 175 пасажыраўмяшчальнасцю 76 месцаў. Час у шляху складзе каля 2 гадзін 20 хвілін.

Кошт авіябілетаў пры куплі на сайце belavia.by у адзін бок складзе ад 106 еўра, уключаючы таксы і зборы, і ад 199 еўра — туды-назад. Квіткі ўжо даступныя ў продажы.

— На дадзены момант беларускі перавозчык выконвае рэгулярныя рэйсы па наступных расійскіх напрамках: Масква (Дамадзедава), Міжнародны Аэрапорт Жукоўскі, Санкт-Пецярбург (Пулкава), Краснадар, Сочы, Калінінград (Храброва), Ніжні Ноўгарад, Казань (з красавіка 2018 г.), — паведаміла спецыяліст па сувязях з грамадскасцю ААТ “Авіякампанія “Белавія” Вольга Шчуко.

Міжнародны аэрапорт Растоў-на-Доне абслугоўвае міжнародныя і ўнутраныя авіярэйсы, уваходзіць у лік найбуйнейшых аэрапортаў Паўднёвай федэральнай акругі. З верасня 2014 года ўваходзіць у холдынг “Аэрапорты Рэгіёнаў”. Аэрапорт супрацоўнічае з 30 расійскімі і замежнымі авіякампаніямі. Маршрутная сетка звязвае Растоў-на-Доне рэгулярнымі і чартарнымі рэйсамі з 50 гарадамі Расіі і свету.

Сяргей Расолька
Звязда, 20 студзеня 2018

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-0/1/42176
Текущая дата: 27.04.2024