Белорусский портал в Казахстане

Бялынічы перадалі высокае званне "Культурная сталіца" гораду Іванава Брэсцкай вобласці



Духоўнасць і культура павінны ісці ад душы і перадавацца з пакалення ў пакаленне.

"Рашэнне ўдзельнічаць у такім сур`ёзным конкурсе не прымаецца спантанна: для гэтага павінен быць рэсурс, які ствараецца дзесяцігоддзямі, - адзначыў старшыня Іванаўскага раённага Савета дэпутатаў Рыгор Сыса. - Удзельнічаць у конкурсе было хвалююча, ды і сапернікі былі сапраўды дастойныя. Але мы заявіліся і атрымалі тое, чаго жадалі. Напэўна, сакрэт у тым, што духоўнасць і культура павінны ісці ад душы і перадавацца з пакалення ў пакаленне".

Рыгор Сыса адзначыў, што адрозненне рэспубліканскай акцыі ад іншых праектаў заключаецца ў тым, што яна доўжыцца цэлы год - перыяд, за які можна максімальна шырока і поўна прэзентаваць увесь культурны патэнцыял раёна.

"Культуру і традыцыі Іванаўскага раёна немагчыма паказаць нават у трохдзённы тэрмін, - заявіў ён. - У нас 25 калектываў са званнем народны, узорны, заслужаны, і кожны з іх можа даць паўнавартасны канцэрт ці паказ. На працягу года мы ўсім дадзім магчымасць раскрыцца і паказаць тое, чым яны валодаюць і што ўмеюць. Акрамя таго, мы рады прымаць гасцей - гэта будзе толькі ўмацоўваць і ўзаемна ўзбагачаць наш патэнцыял".

Рыгор Сыса падкрэсліў, што ў кожнай мясцовасці фармуецца свой асаблівы культурны код, і гораду Іванава таксама ёсць чым ганарыцца.

"Ні ў адным іншым рэгіёне краіны няма спадчыны роду Дастаеўскіх - вёскі Дастоева. Хочаце даведацца, адкуль пайшло гэта прозвішча - прыязджайце ў Іванаўскі раён, там ёсць багаты матэрыял, які раскрые гісторыю паходжання роду. Імя мастака Напалеона Орды вядома ва ўсім свеце, а гэта ж ураджэнец вёскі Варацэвічы Іванаўскага раёна. Па яго карцінах аднаўляюцца многія гісторыка-культурныя каштоўнасці ў краіне. Адзіная ў Беларусі школа бандарства таксама працуе ў нас. І гэта толькі малая частка, таму ўсіх запрашаем у госці", - сказаў на заканчэнне ён.

19 снежня 2024, Бялынічы
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-0/1/76269
Текущая дата: 22.12.2024