Белорусский портал в Казахстане

Генпракуратура: Выказванні саліста "Ляпіса Трубяцкога" знаходзяцца за межамі не толькі норм этыкі і маралі, але і права



Крымінальная справа ў дачыненні да Сяргея Міхалка не распачыналася, ніякіх следчых дзеянняў не праводзілася. Пра гэта на брыфінгу 17 кастрычніка паведаміў начальнік упраўлення Генеральнай пракуратуры па наглядзе за выкананнем заканадаўства і законнасці прававых актаў Павел Радзівонаў.

Паводле яго слоў, пракуратурай Цэнтральнага раёна Мінска праводзіцца праверка па факце распаўсюджвання інфармацыі, якая змяшчаецца ў інтэрв`ю музыканта. "Так званыя "адважныя і бяскрыўдныя" выказванні саліста "Ляпіса Трубяцкога", відавочна, знаходзяцца за рамкамі не толькі норм этыкі і маралі, але і права", — заявіў Радзівонаў.

Паводле яго слоў, у любым цывілізаваным грамадстве абраная музыкантам форма выказвання "з`яўляецца недапушчальнай і ставіць яе аўтара ў разрад банальных хуліганаў". "Міхалок лічыць сябе чалавекам культурным і сучасным. Значыць, яго творчая дзейнасць павінна будавацца на прынцыпах павагі да асобы. Выказванне грамадзянскай пазіцыі павінна будавацца на тых жа прынцыпах — без абразы і знявагі каго б там ні было", — сказаў прадстаўнік Генпракуратуры.

Ён паведаміў, што вынікам праверкі стане прававая ацэнка.

Як паведамлялася раней, Сяргей Міхалок выкліканы ў пракуратуру Цэнтральнага раёна Мінска. Позва з патрабаваннем з`явіцца на допыт была ўручана маці музыканта. Сам ён цяпер знаходзіцца на гастролях у Расіі.

БелаПАН
17  кастрычніка 2011

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-0/1001/9923
Текущая дата: 17.11.2024