Белорусский портал в Казахстане

Атрымаў дапамогу з-за мяжы? Значыць, злачынец



Папраўкі ў законы аб палітычных партыях і грамадзкіх аб’яднаньнях, а таксама прапанаваныя папраўкі ў Закон аб КДБ многія экспэрты называюць недэмакратычнымі і "антырэвалюцыйнымі".

Яны тычацца замежнага фінансаваньня грамадзкіх арганізацыяў, правядзеньня масавых мерапрыемстваў і многіх іншых аспэктаў дзейнасьці апазыцыі.

Калі новыя рэдакцыі законаў пачнуць дзейнічаць, за атрыманьне замежнай фінансавай дапамогі для няўрадавых аб`яднаньняў у Беларусі можна будзе трапіць у турму на два гады. Намесьнік старшыні руху "За свабоду" Юрась Губарэвіч кажа, што працэдуры, зьвязаныя з замежным фінансаваньнем, ужо даўно рэгулююцца беларускім заканадаўствам. Афіцыйна фінансавую дапамогу з-за мяжы магчыма атрымаць толькі пасьля ўзгадненьня праекту з шэрагам дзяржаўных установаў і спэцыяльнай рэгістрацыі, кажа спадар Губарэвіч:

​​"Гэта дастаткова складаная працэдура. І калі дапамога скіраваная на дэмакратызацыю Беларусі, напрыклад, на пашырэньне свабоды слова, то, наколькі мне вядома, такія праекты проста не праходзяць узгадненьня. І таму карыстацца замежнымі сродкамі немагчыма.

З гэтай прычыны бальшыня беларускіх няўрадавых арганізацыяў існуюць за кошт унутраных сродкаў — ананімных ахвяраваньняў, сяброўскіх складак. І гэта перашкаджае эфэктыўнасьці працы. Ва ўмовах дыктатуры людзі ня вельмі ахвотна адкрыта дапамагаюць грамадзкім арганізацыям, бо баяцца, каб з-за гэтага ня ўзьнікла праблемаў са сваёй працай".

Юрась Губарэвіч лічыць, што новыя захады ўладаў скіраваныя на тое, каб зрабіць пакараньне за карыстаньне замежнымі грантамі яшчэ больш жорсткім:

"Новаўвядзеньні, тыя зьмены, якія зараз прапануюцца, толькі ўзмацняюць адказнасьць за выкарыстаньне сродкаў не па тых правілах, якія навязвае беларуская дзяржава. Можа, гэта зьвязана з нашумелай справай Бяляцкага, калі сродкі ішлі на дзейнасьць арганізацыі, выплату кампэнсацыяў, штрафаў. І беларуская дзяржава хоча рэгуляваць гэты момант, падвесьці заканадаўчую базу пад свае дзеяньні, якія яны ўжо робяць у дачыненьні да Алеся Бяляцкага".

Папраўкі і зьмены ў заканадаўства пачнуць дзейнічаць пасьля таго, як іх прыме Палата прадстаўнікоў, зацьвердзіць Савет Рэспублікі, праверыць на адпаведнасьць Асноўнаму закону Канстытуцыйны суд і падпіша кіраўнік дзяржавы. Дарэчы, Канстытуцыйны суд карыстаецца такім правам яшчэ з 2008 году. Сёньня я спрабаваў даведацца, як ставяцца да новых паправак некаторыя судзьдзі Канстытуцыйнага суду. Яны пацьвердзілі, што ніводзін законапраект, які прыходзіць з парлямэнту, не пазьбягае працэдуры вывучэньня і выдачы заключэньня на адпаведнасьць яго Канстытуцыі. Аднак ад камэнтароў па канкрэтных зьменах судзьдзі адмовіліся. Яны спасылаюцца на тое, што ня могуць публічна выказваць свае меркаваньні да прыняцьця рашэньня.

Былы намесьнік старшыні Канстытуцыйнага суду Валеры Фадзееў на просьбу "Свабоды" спрагназаваць, якім будзе рашэньне суду па згаданых дакумэнтах, адказаў так:

"Я ня ведаю, як яны вырашаць гэтае пытаньне. Але да гэтага часу, як я ведаю, ніводзін законапраект ня быў імі адхілены".

Уладзімер Глод
Радыё Свабода, 14 кастрычніка 2011

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-0/1002/9853
Текущая дата: 17.11.2024