Белорусский портал в Казахстане

"Вясна" заяўляе пра немагчымасць дыялогу паміж уладай і апазіцыяй пры наяўнасці палітзняволеных



Пры наяўнасці палітзняволеных і без трансфармацыі палітычнай сістэмы ў Беларусі дыялог улады з прадстаўнікамі апазіцыі і грамадзянскай супольнасці немагчымы. Пра гэта гаворыцца ў заяве ліквідаванага ўладамі праваабарончага цэнтра "Вясна", размешчанай на сайце арганізацыі.

На нарадзе 29 жніўня Аляксандр Лукашэнка заявіў пра гатоўнасць правядзення круглага стала з апазіцыяй пры ўдзеле прадстаўнікоў Еўрасаюза і Расіі.

"У 2008 годзе адбыліся падзеі, аналагічныя сённяшняй сітуацыі: вызваленне палітвязняў з`яўлялася ўмовай правядзення дыялогу паміж беларускімі ўладамі і Еўрасаюзам. За лічаныя дні палітычныя зняволеныя былі вызвалены з турмаў. Цэлыя два месяцы за кратамі не знаходзіліся асобы, асуджаныя па палітычных матывах. Умова наконт мараторыя на палітзняволеных была выканана толькі на такі кароткі тэрмін. На працягу наступных гадоў у Беларусі не было ніводнага дня, каб за кратамі не знаходзіліся палітычныя апаненты", — гаворыцца ў заяве "Вясны".

Пасля падзей 19 снежня 2010 года за ўдзел у мірнай акцыі пратэсту былі арыштаваны больш як 700 чалавек, абвінавачанне ў арганізацыі і ва ўдзеле ў "масавых беспарадках" або "арганізацыі групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак", было выстаўлена 43 асобам, сярод якіх шэсць кандыдатаў у прэзідэнты, зазначаецца ў заяве. У дачыненні да большасці ўзятых пад варту парушаліся асноўныя працэсуальныя правы, менавіта права на абарону. Некаторыя з абвінавачаных заявілі, што ў дачыненні да іх прымяняліся катаванні.

Апрача таго, падкрэсліваецца ў заяве, арганізаваны націск з боку ўладаў зведвалі адвакаты, якія ажыццяўлялі абарону абвінавачаных па гэтых палітычна матываваных справах. Вынікам стала пазбаўленне адвакацкіх ліцэнзій і выключэнне з калегій шэрагу вядомых адвакатаў краіны.

"На сённяшні дзень у турмах Беларусі знаходзяцца 20 палітычных зняволеных, сярод якіх тры кандыдаты ў прэзідэнты — Андрэй Саннікаў, Мікалай Статкевіч і Дзмітрый Ус, а таксама кіраўнік праваабарончага цэнтра "Вясна" Алесь Бяляцкі; 11 чалавек адбываюць крымінальныя пакаранні, не звязаныя з пазбаўленнем волі, з якіх двое кандыдатаў у прэзідэнты — Уладзімір Някляеў і Віталь Рымашэўскі", — гаворыцца ў заяве.

На працягу апошніх тыдняў былі памілаваны і адпушчаны на волю 13 фігурантаў крымінальнай справы і спынены пераследы яшчэ ў дачыненні да пяці абвінавачаных. Разам з тым пачалося абмеркаванне магчымасці правядзення дыялогу.

"Вясна" мяркуе, што немагчыма пачаць перамовы без неадкладнага і безумоўнага вызвалення і поўнай рэабілітацыі ўсіх палітзняволеных, у тым ліку прыгавораных да пазбаўлення волі ўмоўна або з адтэрміноўкай выканання прыгавору, а таксама аднаўлення на працы рэпрэсаваных адвакатаў. Пры гэтым, падкрэсліваецца ў заяве, гэтыя патрабаванні з`яўляюцца "не ўмовай дыялогу, а ўмовай для пачатку дыялогу, без выканання якіх ён проста немагчымы".

Таццяна Каравянкова, БелаПАН
Мінск, 9 верасня 2011

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-0/1013/9113
Текущая дата: 16.11.2024