Белорусский портал в Казахстане

Свята беларускай сталіцы



10 і 11 верасня Мінск адзначае Дзень горада.

Святочныя мерапрыемствы пройдуць 10—11 верасня больш чым на 60 пляцоўках — як у цэнтры горада, так і ва ўсіх адміністрацыйных раёнах.

Паводле інфармацыі прэс-службы Мінгарвыканкама, свята адкрые ўрачыстая цырымонія ўскладання кветак да абеліска "Мінск — горад-герой" (пачатак — у 11.00).

У 12.00 у парку Перамогі пачнецца свята, якое будзе доўжыцца да 22.00.

Свята духоўнай музыкі пройдзе з 13.00 да 20.00 каля Мінскай гарадской ратушы.

З 15.00 да 16.00 адбудзецца ўрачыстае адкрыццё Дзіцячай філармоніі ў адноўленым будынку царквы Святога Духа на плошчы Свабоды.

Свята "Мiнскi дворык" пройдзе з 12.00 да 20.00 ва ўнутраным дворыку Музея гісторыі Мінска на вуліцы Рэвалюцыйнай. У гэтым жа раёне будзе арганізавана свята пешаходных вуліц з пешымі экскурсіямі па Верхнім горадзе і Траецкім прадмесці.

У раёне Траецкага прадмесця ўпершыню пройдзе свята вулічнай музыкі (з 12.00 да 20.00).

Выстава-кірмаш тавараў мінскіх прадпрыемстваў і інавацыйных праектаў пройдзе 10 верасня (12.00—20.00) і 11 верасня (12.00—17.00) каля Нацыянальнай бібліятэкі. Там жа адбудзецца свята харавога мастацтва.

Святочныя мерапрыемствы для моладзі пройдуць 10 верасня каля спарткомплексу "Мінск-Арэна" (з 12.00 да 21.00), а спартыўнае свята — каля Палаца спорту (з 12.00 да 18.00).

Урачыстае ўручэнне ўзнагарод "Мінчанін года" адбудзецца ў Беларускім дзяржаўным акадэмічным музычным тэатры ў 18.00.

У завяршэнне свята мінчанам абяцана феерычнае шоу над акваторыяй Камсамольскага возера, якое пачнецца ў 22.00.

Святы 10 верасня пройдуць таксама ва ўсіх мікрараёнах сталіцы.
___________________
Даведка БелаПАН


Афіцыйна датай заснавання беларускай сталіцы лічыцца 1067 год, калі з`явіліся першыя гістарычныя згадкі пра Мінск, хаця гісторыкі мяркуюць, што пасяленні на тэрыторыі горада ўзніклі значна раней.

Уласнае свята ў Мінска з`явілася ў 1987 годзе — тады яно называлася "Мастацка-спартыўнае свята Мінск — 87" і адзначалася 3 ліпеня, у дзень вызвалення горада ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. З 2001 года Дзень горада стаў адзначацца ў другі выхадны верасня, а 3 ліпеня ў Беларусі святкуюць Дзень Незалежнасці.

Марына Носава, БелаПАН
Мінск, 10 верасня 2011

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-0/1013/9127
Текущая дата: 16.11.2024