Белорусский портал в Казахстане

Не менш як 10 ільнозаводаў у Беларусі мадэрнізуюць па еўрапейскіх тэхналогіях



Аб гэтым заявіў прэм`ер-міністр Беларусі Міхаіл Мясніковіч у час рабочай паездкі ў Карэліцкі раён.

Кіраўнік урада адзначыў, што ў цэлым сур`ёзная мадэрнізацыя закране 12-15 ільнозаводаў. "Не менш як дзесяць з іх будзе абсталявана па еўрапейскіх тэхналогіях", — падкрэсліў Міхаіл Мясніковіч. У Гродзенскай, Брэсцкай і Віцебскай абласцях з выкарыстаннем сучасных тэхналогій ужо мадэрнізаваны тры льнозаводы. "Пасля таго, як будуць абсталяваны астатнія, можна будзе рэальна гаварыць аб атрыманні 60 тыс. тон высакаякаснага льновалакна", — дадаў прэм`ер-міністр.

Адказваючы на пытанне журналістаў аб перспектывах фарміравання ў Беларусі льняных холдынгаў, прэм`ер-міністр сказаў, што аб`яднанні льнозаводаў у буйныя кампаніі — даволі перспектыўныя праекты, аднак яны не павінны быць механічнымі аб`яднаннямі.

Міхаіл Мясніковіч падкрэсліў, што ўрад трымае пытанне па выхаду льногаліны на рэнтабельную работу на асаблівым кантролі. "Урад хвалюе пытанне рэнтабельнасці з улікам таго, што ідзе даволі вялікая дзяржаўная датацыя і падтрымка льнаводства", — адзначыў прэм`ер-міністр. Паводле яго слоў, прадпрыемствы галіны павінны сёння сур`ёзна працаваць над якасцю выпускаемай прадукцыі, пралічваць эканоміку сваіх праектаў. "Пакуль мы не можам пахваліцца тым, што ў нас вытворчасць ільновалакна і вырабаў з лёну рэнтабельная, нават з улікам росту экспартных цэн не забяспечваецца дадатная рэнтабельнасць вытворчасці. Гэта вялікая задача", — падкрэсліў прэм`ер-міністр.

Адказваючы на пытанне журналістаў аб магчымасцях прыцягнення ў галіну замежных інвестыцый, Міхаіл Мясніковіч адзначыў, што тут няма ніякіх абмежаванняў. Аднак у свеце ўсё менш кампаній займаюцца вытворчасцю льновалакна. Ёсць канкурэнцыя паміж перапрацоўшчыкамі, каб атрымаць з датацыйнага і адносна таннага валакна высакаякасную прадукцыю, сказаў ён. "Да таго часу, пакуль Беларусь не выйдзе на прадукцыю высокай якасці, аб рэнтабельнасці гаварыць не даводзіцца", — лічыць прэм`ер-міністр.

Міхаіл Мясніковіч азнаёміўся з ходам уборкі ўраджаю збожжавых культур і нарыхтоўкі кармоў аграрыямі птушкафабрыкі "Чырвонаармейская", наведаў ААТ "Карэлічылён", дзе сустрэўся з прадстаўнікамі працоўнага калектыву прадпрыемства.

Прэм`ер-міністр адзначыў, што ў гэтым годзе аграрыі Беларусі атрымалі даволі добры ўраджай збожжавых. "Цяпер галоўнае — узяць гэты хлеб, і для гэтага сфарміраваны неабходныя ўмовы — паліва ёсць, транспарт ёсць, тэхніка ёсць, сушыльныя комплексы гатовы, — сказаў ён. — Цяпер мы ловім кожную хвіліну добрага надвор`я, каб убраць хлеб". Паводле слоў кіраўніка ўрада, якіх-небудзь сур`ёзных праблем, якія маглі б перашкодзіць своечасовай і якаснай ўборцы ўраджаю, няма. Ёсць асобныя праблемныя пытанні, але ўсе яны вырашальныя.

У цэлым прэм`ер-міністр даў станоўчую ацэнку рабоце аграрыяў на ўборачнай кампаніі. "Радуе, што яны выконваюць тыя дамоўленасці, якія былі выпрацаваны", — сказаў Міхаіл Мясніковіч.

Звязда
28 ліпеня 2011

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-0/1029/8204
Текущая дата: 16.11.2024