Белорусский портал в Казахстане

3,4 еўра за кілаграм чарніц — не апошні кошт



Ягадны і грыбны сезон працягваецца. Многія беларусы, не зважаючы на дакучлівых камароў і неабходнасць рана ўставаць, праводзяць яго ў лесе. Здаваць лясныя прысмакі нарыхтоўшчыкам — значны ўнёсак у бюджэт сям`і і адносна просты спосаб зарабіць грошы.

У тым, колькі сёння каштуе кілаграм лісічак, як здаць ягады ў глухой вёсцы і чаму замарожаныя чарніцы даражэйшыя за свежыя, дапамагла разабрацца начальнік упраўлення нарыхтовак Белкаапсаюза Аксана Скіндэр.

Пра кошт

— Як сёлета змяняліся цэны на чарніцы?

— У гэтым годзе яны былі вельмі дынамічнымі. Мы гэта адчуваем не толькі па той прадукцыі, якую людзі збіраюць у лесе. У пачатку нарыхтовак кілаграм чарніц каштаваў 10 000 рублёў. Час паказаў, што ягада запатрабавана, і кошт павялічыўся спачатку да 13 000, а пасля нават да 15 000 і вышэй. Сёння ў некаторых раёнах Беларусі чарніцы прымаюць па 20, 21 і 22 тысячы за кілаграм.

— Ці аднолькава каштуюць ягады і грыбы ў розных кутках Беларусі?


— Кошт сапраўды залежыць ад рэгіёну, колькасці нарыхтоўшчыкаў, якія працуюць на гэтай тэрыторыі і ад таго, як шмат у гэтай мясцовасці можна закупіць пэўнай прадукцыі. Нават тое, наколькі далёка рэгіён знаходзіцца ад Расійскай Федэрацыі, таксама ўплывае на кошт.

 — Кошт на закупку лясной прадукцыі яшчэ можа падрасці?

— Калі казаць, напрыклад, пра лісічкі, то гэта не будзе так імкліва, як летась. З гэтымі грыбамі асобная сітуацыя. Цана на іх залежыць ад многіх фактараў: засушлівае ці дажджлівае лета, запатрабаванасць на рынку грыбоў той ці іншай якасці. Лісічкі, якія выраслі ў дождж, вельмі дрэнна захоўваюцца. Іх лепш прадаваць ужо ў апрацаваным выглядзе. А вось больш сухія могуць прадавацца і свежымі.

Пра нарыхтоўшчыкаў

— Як адрозніваецца закупачны кошт у прыватных нарыхтоўшчыкаў і ў Белкаапсаюзе?

— Ён аднолькавы. Сёлета прыватнікі часцей за ўсё падладжваліся пад нас. Прыватныя нарыхтоўшчыкі тэарэтычна могуць павялічыць кошт, але яны гэтага не робяць. На знешнім рынку цэны ўсталёўвае не Беларусь. Гэта ў нас цана на чарніцы можа раптам падняцца бо знізіцца, а ў Еўропе, куды ідзе асноўная маса ягад, нарыхтоўвае Белкаапсаюз, яна больш стабільная. Можа быць аднолькавай на працягу года. У Беларусі ажыятаж, звязаны з цэнамі, супадае з сезонам збору ягад, а ў Еўропе чарніцы прысутнічаюць на рынку круглы год, няхай і ў перапрацаваным выглядзе. Прыватнікі, якія займаюцца закупкай ягад, прадаюць іх у тую ж Еўропу. Рабіць закупачныя цэны непамерна высокімі ім не мае ніякага сэнсу.

— Дзе ў нашай краіне больш за ўсё здаюць ягад і грыбоў?


— Калі прыводзіць звесткі па Белкаапсаюзе, то па аб`ёме нарыхтовак традыцыйна наперадзе Брэсцкая і Мінская вобласці. А вось па ўзроўні арганізацыі нарыхтовак і іх якасці, можна адзначыць Магілёўшчыну. Сёння ўжо закуплена 3000 тон чарніц. Сёлета Белкаапсаюзам прынята рашэнне рэалізоўваць чарніцы толькі ў замарожаным выглядзе — гэта найбольш рэнтабельна. Ягады адпраўляюцца на экспарт з мэтай атрымання валюты. Калі чарніцы свежыя альбо ахалоджаныя, за іх плацяць як за сыравіну. А вось замарожаныя ўжо адносяцца да катэгорыі прадуктаў, якія прайшлі апрацоўку. Таму і каштуюць даражэй.

— А вось жывуць людзі ў глухой вёсцы, дзе часта няма нават крамы, затое наўкола лес і ягад поўна. Ці ёсць нейкае выйсце, акрамя як дабірацца ў пункт нарыхтоўкі за некалькі кіламетраў?

— У нарыхтоўках задзейнічаны ўсе вясковыя крамы, якія знаходзяцца ў экалагічна спрыяльных рэгіёнах. Калі пачынаецца сезон, мы набіраем пазаштатных нарыхтоўшчыкаў, у якіх ёсць уласныя машыны. Ім налічваюць пэўныя грошы і кампенсуюць затраты на паліва. Каб нарыхтоўшчыкі, якія не маюць прыватнага аўтатранспарту, своечасова даставілі прадукцыю, распрацаваны спецыяльныя маршруты. У кожнага пазаштатніка ёсць тэрыторыя, за якую ён адказвае. Вось ідуць людзі гадзін з 7 у лес. Гадзін у 10-12 яны ўжо вяртаюцца, каб тое, што з лесу прынеслі, здаць. Пад гэты час мы і падладжваем расклад руху такіх нарыхтоўшчыкаў.

Пра грыбы і ягады

— Што, акрамя чарніц і лісічак, людзі могуць прынесці ў пункты нарыхтоўкі і атрымаць за гэта грошы?

— Мы закупляем усе лішкі сельскагаспадарчай прадукцыі, якую людзі вырошчваюць на прысядзібных участках: бульбу, буракі, цыбулю, часнок, кабачкі. З лясных ягад — журавіны, брусніцы, чырвоную і чарнаплодную рабіну. Таксама грыбы: баравікі, махавікі, падасінавікі, падбярозавікі, грузды.

— А для чаго ўласна чарніцы нарыхтоўваюцца?

— Ёсць беларускія прадпрыемствы, якія закупляюць іх на перапрацоўку. Напрыклад, вытворцы дзіцячага харчавання. Але ж асноўнае прызначэнне ягад — экспарт. Летась за кілаграм чарніц замежныя пакупнікі давалі 2-2,5 еўра. Гэта была недзе сярэдзіна сезону. Сёлета пачатковая цана склала 3 еўра. Сёння гэта ўжо 3,3 — 3,4 еўра за кілаграм. І гэтая цана яшчэ не апошняя. Таму мы паступова падымаем лічбы ў пунктах нарыхтоўкі, бо мяркуем, што на знешнім рынку кошт вырасце таксама.

Ганна Гарустовіч, Звязда
21 ліпеня 2011

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-0/1030/8110
Текущая дата: 16.11.2024