Белорусский портал в Казахстане

Пракаповіч вызвалены ад пасады кіраўніка Нацбанка



Пётр Пракаповіч вызвалены ад пасады старшыні праўлення Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь у сувязі з выхадам у адстаўку. Адпаведны ўказ № 322 Аляксандр Лукашэнка падпісаў 18 ліпеня, паведамляе прэс-служба прэзідэнта.

Нагадаем, Пётр Пракаповіч у красавіку 2011 года перанёс сур`ёзную аперацыю на сэрцы. Ён адсутнічаў на працоўным месцы каля паўтара месяца і афіцыйна пачаў выкананне сваіх службовых абавязкаў 18 мая. Пры гэтым, як сцвярджалі ва ўпраўленні інфармацыі галоўнага банка краіны, "увесь гэты час Пётр Пятровіч актыўна ўдзельнічаў у працэсе кіравання Нацбанкам па тэлефоне".

20 чэрвеня Лукашэнка прызначыў Юрыя Алымава выканаўцам абавязкаў старшыні праўлення Нацбанка. З 2001 года Алымаў працаваў першым намеснікам старшыні праўлення гэтага ведамства.

23 чэрвеня падчас паездкі ў Брэсцкую вобласць Лукашэнка паведаміў журналістам, што Пракаповіч у Нацыянальны банк больш не вернецца. "Пётр Пракаповіч у Нацыянальны банк больш не вернецца, я хачу, каб ён жыў", — заявіў Лукашэнка, адказваючы на пытанні журналістаў. "Гэта адданы нашай Айчыне чалавек, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. — Але цяжка нават было б уявіць, што пасля аперацыі на адкрытым сэрцы ён літаральна на наступны дзень выйшаў бы на працу".

"І ён памыляўся, і ўрад, і я павінен гэта бачыць", — пракаментаваў Лукашэнка працу былога кіраўніка Нацбанка.

Паводле яго слоў, Пракаповіч "будзе задзейнічаны ў краіне на поўную катушку пасля праходжання медыцынскай рэабілітацыі.

Пятру Пракаповічу 68 гадоў. Нацбанк ён узначальваў з 1998 года. У студзені 2011 года Лукашэнка прадоўжыў тэрмін паўнамоцтваў Пракаповіча на пасадзе старшыні праўлення Нацыянальнага банка да 31 снежня 2015 года.

Андрэй Серада, БелаПАН
Мінск, 18 ліпеня 2011

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-0/1032/8059
Текущая дата: 16.11.2024