Белорусский портал в Казахстане

Хуткі цягнік "Славянскі базар — 2011" адправіцца сёння ў першы рэйс з Мінска ў Віцебск



Хуткі цягнік, які курсіруе паміж Мінскам і Віцебскам, Беларуская чыгунка прызначае ўжо другі год запар для зручнасці пасажыраў на перыяд правядзення Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску".

Сёлета ў першы рэйс святочны састаў адправіцца з перона вакзала станцыі Мінск-Пасажырскі ў 12.40.

Як паведамілі у прэс-службе БЧ, цягнік "Славянскі базар — 2011" будзе курсіраваць з 6 па 16 ліпеня штодня. Час руху ў дарозе — 3,5 гадзіны. У цягніку створана атмасфера фестывалю пры дапамозе фестывальнай сімволікі і афіш у вагонах. Падчас паездкі ў праваднікоў можна будзе даведацца пра найбліжэйшыя на дзень канцэртныя мерапрыемствы і іншую інфармацыю, уключаючы месцазнаходжанне сектараў віцебскага летняга амфітэатра. Абслугоўваць састаў будзе цягніковая брыгада, якая складаецца з праваднікоў Гомельскага і Магілёўскага пасажырскіх участкаў. Кошт білетаў на цягнік "Славянскі базар — 2011" складае 12.220 рублёў у вагоне з месцамі для сядзення і 26.010 рублёў — у купэйным.

Расклад руху распрацаваны з улікам часу правядзення канцэртных мерапрыемстваў. "Славянскі базар — 2011" ва ўсе дні фестывалю будзе адпраўляцца са станцыі Мінск-Пасажырскі ў 12.40 і прыбываць у Віцебск у 16.15. Паглядзеўшы канцэрт, госці фестывалю змогуць выехаць гэтым жа цягніком з Віцебска ноччу ў 01.10 і вярнуцца ў сталіцу да пачатку руху транспарту ў 05.48.

Марына Носава, БелаПАН
Мінск, 6 ліпеня 2011

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-0/1035/7743
Текущая дата: 16.11.2024