Белорусский портал в Казахстане

Захавай Навагрудскі замак!



Дабрачынныя канцэрты, даход ад якіх будзе пералічаны ў фонд захавання Навагрудскага замка, правядуць вядомыя калектывы і артысты — Анатоль Ярмоленка, Міхаіл Фінберг, дзяржаўны ансамбль "Песняры". Кожны набыты гледачамі білет будзе з`яўляцца рэальным укладам у захаванне гісторыка-культурнай каштоўнасці.

Навагрудскі замак — помнік архітэктуры XІІІ-XVІ стагоддзяў, рэстаўрацыйныя работы на ім пройдуць у некалькі этапаў. Але дзеля таго, каб працэс ішоў, па ініцыятыве Міністэрства культуры праводзіцца адмысловая акцыя, якая павінна зацікавіць жыхароў краіны паўдзельнічаць у рэстаўрацыі. Гэта магчыма для кожнага — праз добраахвотны збор сродкаў.

Дзяржава імкнецца зацікавіць, але і сама не чакае: крыніцамі фінансавання рэстаўрацыйных работ з`яўляюцца бюджэтныя інвестыцыі, сродкі, атрыманыя ад рэалізацыі рэспубліканскай тыражнай латарэі "Скарбніца", заснавальнікам якой выступае Міністэрства культуры. Між тым прыватныя ахвяраванні ўжо склалі 21 млн рублёў і працягваюць паступаць на рахунак № 3642521000622 Беларусбанка, ЦБУ № 416 філіяла № 413 г. Ліды.

На рэстаўрацыйныя работы летась накіравана 101,5 млн рублёў, у тым ліку з рэспубліканскага бюджэту — 41,5 млн рублёў, па выніках рэалізацыі латарэі "Скарбніца" — 39 млн рублёў, сёлета па выніках рэалізацыі латарэі "Скарбніца" — 11,9 млн рублёў.

Ларыса Цімошык
Звязда, 17 чэрвеня 2011


Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-0/1042/7249
Текущая дата: 15.11.2024