Белорусский портал в Казахстане

Банкі прадаюць адзін долар па 4 500 рублёў



Учора пасля абеду "цэннікі" у пунктах абмену валют шэрагу банкаў істотна змяніліся: кошт, па якім цяпер фінансавыя ўстановы прапаноўваюць набыць наяўную цвёрдаканверсоўную, напрыклад, адзін долар скокнуў адразу на 500 рублёў.

Такім чынам, прадаваўся ў "абменніках" долар ужо па 4 500 рублёў, а курс продажу еўра ў некаторых банках дасягаў 6 470 рублёў. Куплялі ж наяўныя долар і еўра ў пунктах абмену пры іх наяўнасці адпаведна па курсах 4 450—4 490 рублёў і па 6 300—6320 рублёў. Да гэтага, нагадаем, значны ўзлёт курсаў СКВ адбыўся 11 мая, калі Нацыянальны банк зняў абмежаванні па ўстанаўленні банкамі курсаў здзелак па куплі-продажы замежнай валюты з насельніцтвам. Пасля таго на працягу пяці дзён курсы, па якіх беларусы маглі абмяняць свае грошы ў банках, заставаліся амаль нязменнымі. Зрэшты, да 16 мая.

Мы пацікавіліся ў Нацыянальным банку, наколькі ён паўплываў на апошнія падзеі і ці насамрэч ёсць пэўныя рэкамендацыі галоўнага банка да іншых банкаў адносна далейшых "паводзін" курсаў замежных валют.

— Нацыянальны банк свае рэкамендацыі наконт продажу насельніцтву наяўнай валюты па курсе, які не перавышае плюс/мінус 2 працэнты да афіцыйнага, адмяніў і паведаміў пра гэта, — зазначыў начальнік Упраўлення інфармацыі Нацыянальнага банка Анатоль Драздоў. — Больш ніякіх рэкамендацый, няхай курс вызначаецца рынкавым шляхам.

— Ці значыць гэта, што банкі зараз могуць самастойна ўстанаўліваць курс?

— Натуральна.

Ігар Шчучэнка
Звязда, 17 траўня 2011

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-0/1054/6553
Текущая дата: 15.11.2024