Белорусский портал в Казахстане

За 4000 рублёў даляр у банкі не нясуць. А за 5000?



Аляксандар Лукашэнка запэўнівае беларусаў, што праз адзін-два месяцы тыя забудуцца на праблемы з валютай. Тым часам аналітыкі кажуць, што пра валюту людзі забыліся яшчэ ў сакавіку, калі даляры і эўра зьніклі з вольнага продажу.

Прадстаўнікі Нацыянальнага банку ў сярэдзіне красавіка абяцалі, што ў абменьніках наяўныя грошы зьявяцца ў траўні, калі прыйдзе абяцаны Расеяй стабілізацыйны крэдыт. Аднак пасьля адмовы Масквы фінансаваць стратную беларускую эканоміку фінансавая пэрспэктыва зрабілася зусім неакрэсьленай.

Напярэдадні Аляксандар Лукашэнка паабяцаў разьвязаць валютныя праблемы максымум за два месяцы. Шмат хто прыгадвае, што аналягічныя абяцаньні кіраўнік краіны рабіў і раней, але тады фігуравалі зусім іншыя тэрміны — "тыдзень" і нават "некалькі дзён". Цяпер жа, пакрытыкаваўшы "пятую калёну" за патрабаваньне "рэформаў на разбурэньне", Лукашэнка заклікаў падначаленых самім зарабляць валюту, як гэта робяць ягоныя землякі з гаспадаркі "Александрыйскае" — маўляў, прадалі малако ў Расею, атрымалі расейскія рублі і распараджаюцца імі як хочуць.

Многія экспэрты лічаць, што катэгарычная адмова Лукашэнкі ад рэформаў азначае тое, што ні за месяц, ні за паўгода сытуацыя прынцыпова ня зьменіцца. Аднак, як кажа фінансавы аналітык Кацярына Сьмірнова, самаадхіленьне ўладаў ад праблемы ня робіць ім гонару:

"Пагадзіцеся, што многія былі маральна гатовыя тыдні два-тры таму да курсу 3500—3600 за даляр. А зараз пра такія лічбы нават і не гавораць, цяпер ужо і 4000 выглядае сумнеўна. На самой справе тут ужо не ў дэвальвацыі справа.

Тут ужо трэба эканомікай займацца, і гэта ўжо пытаньне ня столькі Нацыянальнага банку. Вядома, з аднаго боку, ад Нацбанку патрабуюць нейкіх захадаў, якія ляжаць па-за яго кампэтэнцыяй. Бо, наколькі я разумею, ёсьць агульная палітыка дзяржавы, якая выконваецца ўсімі падначаленымі органамі. Але ня можа арганізм быць здаровым хай сабе пры ўсіх здаровых органах, але пры хворым сэрцы. Будуць альбо ныркі балець, альбо пячонка, альбо яшчэ нешта. Таму трэба ўсім займацца ў цэлым".

Спэцыялісты лічаць, што сапраўдным шокам для беларускіх уладаў стала рашэньне Міністэрства фінансаў Расеі адмовіць Беларусі ў стабілізацыйным крэдыце аб`ёмам 1 мільярд даляраў. Гэтымі грашыма ўрад плянаваў залатаць найбольш праблемныя дзіркі ў бюджэце, але цяпер толькі і застаецца, што скарыстаць старую параду Лукашэнкі — яшчэ больш зацягнуць паясы. На думку кіраўніка аналітычнага цэнтру "Стратэгія" Леаніда Заікі, такія рашэньні не прымаюцца спантанна, таму Масква, відаць, чакае спрыяльнага моманту, каб абмяняць крэдыт на нешта больш важкае. Па словах аналітыка, Лукашэнку "марынуюць", каб ён пагадзіўся на любыя ўмовы Масквы:

"Увогуле амаль што ўсё ў сьвеце, асабліва ў стратэгічных галінах, робіцца альбо на ўмовах Вашынгтона, альбо на ўмовах Масквы. Нават на ўмовах Пэкіну яшчэ мала што робіцца. Поза Менску, якая б "набычаная" яна ні была, не цікавіць нікога. У Менску можна толькі затрымаць 600 чалавек, якія ходзяць па вуліцы. Ці яшчэ 89 спэцыялістаў у галіне аховы правапарадку, спэцназаўцаў, могуць за сем хвілінаў атрымаць траўмы. Вось гэта рэкорд для ўсяго сьвету. А што такое Менск ва ўсім астатнім? Гэта невялікая велічыня, пупырышка. Таму ў Беларусі неўзабаве практычна ўсё вельмі моцна памяняецца, калі будзе ісьці так, як таго Крэмль хоча".

Экспэрт-кансультант Мечыслаў Бурак перакананы, што кіраўніцтва Беларусі фактычна закопвае грошы ў стратныя сфэры эканомікі, якія прыбытку не даюць, але праядаюць вялізныя сродкі. На яго думку, "нулявая" ва ўсясьветным маштабе беларуская эканоміка так існаваць не павінна:

"Няўжо можа адна беларуская эканоміка, якая нічога ня вартая, дазваляць сабе трымаць столькі балясту?

Паспрабуйце палічыць удзельную вагу беларускай эканомікі ў сьвеце — думаю, ніяк вы яе падлічыць ня здолееце. Але яна трымае МАЗ, МТЗ, потым яшчэ ўсялякія "Інтэгралы" і процьму ўсяго іншага, што яна на сабе трымае. Гэтую стратную сельскую гаспадарку трымае. І аргумэнт пры гэтым — мы прадаём, нам патрэбная валюта. Каму патрэбная валюта — я ня ведаю, мне патрэбныя рублі. Я за рублі набываю хлеб, бульбу, гарэлку. Ім, бачыце, патрэбная валюта. Насамрэч прадаюць малако, машыны ды іншае ў тры разы таньней, чым яно абыходзіцца грамадзтву. Але за валюту. А нам потым гэтую валюту не даюць. І пра гэта трэба пісаць, бо неабходна пераводзіць усе эканамічныя рэчы ў палітычныя".

Прадстаўнікі банкаўскай сфэры не выключаюць, што курс рубля да даляра ўжо на наступным тыдні можа падскочыць да адзнакі ў 5000. Пакуль што гэты паказьнік трымаецца на лічбе 4000, але выключна па рэкамэндацыі прадстаўнікоў Нацбанку, якія папрасілі дачакацца вяртаньня пасьля хваробы на працу старшыні банку Пятра Пракаповіча. Аднак экспэрты лічаць, што ніякія пэрсаналіі са сваімі спробамі адміністратыўнага ўмяшаньня ня могуць паўплываць на аб`ектыўныя працэсы ў краіне.

Страціўшы давер да рубля і ўсёй фінансавай сыстэмы, толькі ў красавіку, паводле афіцыйных зьвестак, беларусы вярнулі з валютных дэпазытаў больш за паўмільярда даляраў.

Ігар Карней
Радыё Свабода
13 траўня 2011


Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-0/1055/6414
Текущая дата: 15.11.2024