Белорусский портал в Казахстане

Генпракуратура і Мінкульт Беларусі дамовіліся аб узаемадзеянні ў забеспячэнні выканання заканадаўства аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны



Паміж Генеральнай пракуратурай і Міністэрствам культуры Беларусі дасягнута дамоўленасць аб арганізацыі ўзаемадзеяння па забеспячэнні выканання заканадаўства аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны. Асновы гэтай дзейнасці рэгламентаваныя праектам пастановы, якая адпраўлена Генпракуратурай у Мінкульт на ўзгадненне.

Як паведамілі ў Генпракуратуры, у межах рэалізацыі мерапрыемстваў, скіраваных на выяўленне і спыненне фактаў парушэння заканадаўства аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны, была праведзена праверка забеспячэння захаванасці гісторыка-культурнай каштоўнасці "Сядзіба Умястоўскіх" у вёсцы Жамыслаўе Іўеўскага раёна (Гродзенскай вобласці). Гэты помнік сядзібна-палацавай архітэктуры XVIII—XIX стагоддзяў уключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў. Ён знаходзіцца на балансе СПК "Суботнікі", аднак яго службовымі асобамі не прынята мер да забеспячэння кантролю за захаванасцю аб`екта.

Тэрыторыя і будынак, што ўваходзяць у склад гісторыка-культурнай каштоўнасці, знаходзяцца ў нездавальняючым санітарна-тэхнічным стане. Пачынаючы з 2009 года частка элементаў дэкору, кафлі камінаў, іншых фрагментаў сядзібы псаваліся і знішчаліся. Апрача таго, ЗАТ "Чабор" без адпаведнага ўзгаднення і дазволу Мінкульта зрабіў перапланіроўку ўнутраных памяшканняў, замену ўваходных дзвярэй і аконных блокаў лядоўні, што знаходзіцца на тэрыторыі. Зямельны ўчастак вакол лядоўні неправамерна агароджаны. Не распрацавана зона аховы гісторыка-культурнай каштоўнасці. Без распрацоўкі дакументацыі і ўстанаўлення зоны аховы ў непасрэднай блізкасці ад сядзібы СПК будуе жылыя дамы.

Мінкульт 11 сакавіка гэтага года накіроўваў у Іўеўскі райвыканкам прадпісанне, у якім запатрабаваў прыпыніць работы па будаўніцтве дамоў, знесці ўзведзеныя пабудовы, забяспечыць распрацоўку праекта зон аховы сядзібы, прыцягнуць вінаватых да адказнасці. Аднак і пасля гэтага СПК і райвыканкам не прынялі мер да распрацоўкі праекта зоны аховы гісторыка-культурнай каштоўнасці.

Таму Генпракуратурай у Гродзенскі аблвыканкам унесена прадстаўленне аб ліквідацыі парушэнняў заканадаўства аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны. У ім прапанавана даручыць старшыні Іўеўскага райвыканкама неадкладна забяспечыць належны кантроль за захаванасцю сядзібы, прыняць меры да ўстанаўлення зоны аховы гісторыка-культурнай каштоўнасці, вызначыць памер матэрыяльнага ўрону і накіраваць матэрыялы па падследнасці ў Іўеўскі РАУС для разгляду па сутнасці.

Генпракуратура таксама прапанавала прыцягнуць да дысцыплінарнай адказнасці службовых асоб Іўеўскага райвыканкама за незабеспячэнне належнага кантролю за захаванасцю гісторыка-культурнай каштоўнасці "Сядзіба Умястоўскіх".

Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН
Мінск, 14 мая 2011 

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-0/1055/6446
Текущая дата: 15.11.2024