Белорусский портал в Казахстане

У Беларусі сёння ўшаноўваюць памяць Еўфрасінні Полацкай



Хрысціянскі свет 5 чэрвеня святкуе дзень памяці прападобнай Еўфрасінні Полацкай, нябеснай заступніцы зямлі беларускай.

Прападобную Еўфрасінню Полацкую аднолькава шануюць як праваслаўныя, так і католікі. Яна стала першай беларускай жанчынай, якая кананізавана Праваслаўнай Царквой. З яе імем звязана адкрыццё першых адукацыйных устаноў і бібліятэк, стварэнне школы архітэктуры і жывапісу, развіццё рамёстваў. Прападобная Еўфрасіння стала маці жаночага манаства. Яна - першая ігумення, першая настаўніца жанчын у таінствах духоўнага жыцця. Падзвіжніцтва і асветная дзейнасць Еўфрасінні Полацкай мелі вялікае значэнне для грамадскага і дзяржаўнага жыцця Полацкага княства.

Аб жыцці святой амаль не захаваліся дакументальныя звесткі. Асноўнай крыніцай з`яўляецца "Жыціе Еўфрасінні Полацкай", згодна з якім нарадзілася беларуская святая каля 1101 года (не пазней за 1104) у Полацку Віцебскай вобласці. Жыціе прападобнай - адной з самых старажытных і распаўсюджаных - вядома больш як у 100 спісах. У XVI стагоддзі яно было ўключана свяціцелем Макарыем у Вялікія Чэцці-Мінеі. Пасля гэтага былі зроблены дзве рэдакцыі жыція. А ў XVIII стагоддзі свяціцель Дзімітрый Растоўскі ўключыў жыціе прападобнай у свае кнігі "Кнігі жыцій святых".

Прападобная Еўфрасіння Полацкая, да пострыгу мела імя Прадслава, была прапраўнучкай святога роўнаапостальнага князя Уладзіміра і дачкой Полацкага князя Георгія (Святаслава) Усяславіча. З дзіцячых гадоў яна валодала граматай, чытала Псалтыр, Свяшчэннае Пісанне і іншыя духоўныя кнігі. У дванаццацігадовым узросце, даведаўшыся пра намер бацькоў аддаць яе замуж, тайна ўцякла ў манастыр да сваёй цёткі ігуменні манастыра, дзе і прыняла манаства пад імем Еўфрасінні. Манаскае імя прападобнай Еўфрасінні ў перакладзе з грэчаскай мовы азначае "Радасць".

Прыняўшы пострыг у манахіні, яна пасялілася ў келлі Полацкага Сафійскага сабора. У манастыры Еўфрасіння вяла Полацкі летапіс і збірала бібліятэку Сафійскага сабора, якая з цягам часу стала сапраўдным духоўным скарбам усходнеславянскіх зямель, выклікаючы непадробнае захапленне як у сучаснікаў, так і ў наступных пакаленняў. Сваёй работай яна садзейнічала пашырэнню асветы ў Беларусі, але ёй было наканавана яшчэ не адно высокае служэнне Айчыне.

Полацкі епіскап Ілія афіцыйна благаславіў Еўфрасінню на заснаванне жаночага манастыра, вызначыўшы для будучай абіцелі месца Сяльцо недалёка ад Полацка, дзе знаходзілася царква Спаса і месца пахавання полацкіх епіскапаў. Еўфрасіння пасялілася пры царкве Праабражэння для заснавання жаночага манастыра прыкладна ў 1128 годзе. Яна стала настаўніцай і кіраўніцай для многіх, хто выбраў манашаскі шлях. Год за годам Спаса-Праабражэнскі манастыр пашыраўся і ўмацоўваўся. У далейшым ён атрымаў шырокую вядомасць у полацкіх землях. У манастыры на месцы былой драўлянай царквы Еўфрасінняй было пачата будаўніцтва мураванага сабора, якое было завершана ў 1161 годзе. Спаскі храм стаў вяршыняй архітэктурнай думкі Полацкай зямлі, яго будаўніцтва паўплывала на ўсё далейшае развіццё архітэктуры старажытнарускіх храмаў. Храм захаваўся да нашых дзён.

Скончыўшы будаўніцтва Спаса-Праабражэнскага манастыра, Еўфрасіння пачала будаўніцтва мураванай царквы ў гонар Прасвятой Багародзіцы, пры якой адкрыла Багародзічны мужчынскі манастыр.

У манастырах, заснаваных Еўфрасінняй, існавалі іканапісныя майстэрні, дзе вырабляліся аправы для абразоў і іншыя прадметы царкоўнага богаслужэння, дзейнічалі майстэрні па перапісванні кніг. Пры манастырах адкрываліся школы, у якіх вывучаліся як свецкія, так і духоўныя дысцыпліны (чытанне, пісьмо, нотная грамата, грэчаская мова).

У старым узросце Еўфрасіння адправілася ў пешае паломніцтва на Святую Зямлю. Дабраўшыся да святых для хрысціян мясцін, яна правяла свае апошнія дні ў Іерусаліме, дзе памерла ад хваробы 24 мая ў 1173 годзе. Сёлета адзначаецца 850-годдзе са дня смерці прападобнай Еўфрасінні Полацкай.

Еўфрасіння была пахавана недалёка ад Іерусаліма ў манастыры Святога Феадосія. У 1187 годзе перапахавана ў Феадосіеву пячору Кіеўскай лаўры, дзе яе мошчы захоўваліся больш за сем стагоддзяў. З 1910 года і дагэтуль яе мошчы захоўваюцца ў Полацкім Спаса-Еўфрасіннеўскім манастыры.

Мінула амаль дзевяць стагоддзяў пасля смерці Еўфрасінні Полацкай, але і ў нашы дні вобраз асветніцы з`яўляецца сімвалам духоўнай сілы нацыі. Ужо не адно дзесяцігоддзе яе вобраз прыцягвае ўвагу іканапісцаў, мастакоў, кампазітараў і літаратараў. Полацкую ігуменню можна ўбачыць на размалёўцы царквы Благавешчання ў Кіева-Пячэрскай лаўры, на фрэсках Віктара Васняцова ва Уладзімірскім саборы ў Кіеве. Ёсць абразы беларускай святой у Рыжскім жаночым манастыры, Кафедральным саборы ў Вільнюсе, вялікі вынасны абраз захоўваецца ў Спаса-Еўфрасіннеўскім манастыры ў Полацку. Многія мастакі прысвяцілі свае творы Еўфрасінні Полацкай. Сярод іх - палотны Нінэлі Шчаснай, графічныя лісты Арлена Кашкурэвіча. У 1988 годзе Вольгай Марокавай быў зняты фільм "Еўфрасіння Полацкая". У 2021 годзе ў чэрвені ў Полацку і Наваполацку прайшлі прэзентацыі кнігі вядомага археолага і гісторыка Сяргея Тарасава "Еўфрасіння-Офрасіння-Афрасіння Полацкая. Яе час, яе крыж".

5 чэрвеня 2023, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-0/106/69617
Текущая дата: 18.11.2024