Белорусский портал в Казахстане

У Гомелі адкрыюць беларуска-італьянскі цэнтр



На 19 лютага ў Гомелі запланавана адкрыццё беларуска-італьянскага цэнтра.

Як паведамляе адміністрацыя Гомельскага палацава-паркавага ансамбля, у лістападзе 2010 года быў падпісаны пратакол аб намерах паміж Гомельскім аблвыканкамам і аб`яднаннем асацыяцый Help Italia аб стварэнні беларуска-італьянскага цэнтра для арганізацыі сацыяльных, адукацыйных і культурных праектаў.

19 лютага ў палацава-паркавым ансамблі адбудзецца дабрачынная вечарына-прэзентацыя цэнтра "Палацавая фіеста-2011". У праграме возьмуць удзел прадстаўнікі розных сфер дзейнасці Італіі і Гомельскай вобласці. У палацы Румянцавых і Паскевічаў пройдзе прэс-канферэнцыя, выступленне афіцыйных асоб, адкрыццё сумеснай беларуска-італьянскай выставы сучаснага мастацтва. У канцэрце возьмуць удзел італьянскія і беларускія артысты.

17—19 лютага ў Гомелі адбудзецца беларуска-італьянскі рэгіянальны форум. Для ўдзелу ў ім запрошаны кіраўнікі органаў дзяржаўнага кіраўніцтва Беларусі, прадпрыемстваў і арганізацый Гомельскай вобласці. З італьянскага боку свой удзел пацвердзілі прадстаўнікі кампаній Marcantonini S.R.L., Nordimpianti S.R.L., Colosseum S.R.L.

Удзельнікі форуму прадставяць свой інвестыцыйны і знешнегандлёвы патэнцыял, а таксама правядуць прэзентацыю сацыяльных праектаў у фармаце трох секцый: "Супрацоўніцтва ў сацыяльнай сферы", "Інвестыцыйна-інавацыйнае супрацоўніцтва", "Перспектывы ўзаемавыгаднага гандлю".

Алена Германовіч, БелаПАН
Гомель, 12 лютага 2011 

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-0/1075/4434
Текущая дата: 13.11.2024