Белорусский портал в Казахстане

Фестываль літаратурнай казкі і літаратурна-прыкладнога мастацтва стартуе ў Віцебску



У культурна-гістарычным комплексе «Залатое кальцо горада Віцебска «Дзвіна» 26-28 траўня пройдзе фестываль літаратурнай казкі і літаратурна-прыкладнога мастацтва «Касцюм для героя», паведамілі ва ўстанове культуры.

На адкрыцці фестывалю 26 траўня на падворку культурна-гістарычнага комплексу а 17 гадзіне збяруцца творчыя калектывы і госці свята. У выставачнай зале пачне працаваць выстаўка-конкурс дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва «Цацачныя гісторыі».

Навучэнцы школ мастацтваў горада прадэманструюць свае таленты на канцэрце 27 траўня ў 11.00, а ў 17.00 культурна-гістарычны комплекс запрашае гледачоў на гала-канцэрт творчых калектываў і гасцей фестывалю.

У першыя два дні тут будзе праходзіць персанальная выстаўка работ і майстар-клас ад мастачкі Алены Карпіцкай «Малюем казачнага героя». Свой творчы праект прадставіць моладзевы тэатр «Кола» Цэнтра культуры «Віцебск». Артысты тэатра, якія нязменна здзіўляюць гледачоў яркімі касцюмамі і арыгінальнай падачай, прадставяць паказ па матывах твораў фіналістаў конкурсу літаратурнай казкі імя Лазара Лагіна. Пяру выдатнага пісьменніка належыць вядомы многім пакаленням школьнікаў герой-чараўнік Стары Хатабыч. Помнік гэтаму джыну ўпрыгожвае пляцоўку перад Беларускім тэатрам «Лялька», і пры жаданні госці свята могуць пабываць і там.

На фестывалі будзе працаваць кірмаш майстроў народных рамёстваў «Карагод талентаў», дзе кожны жадаючы знойдзе для сябе непаўторны падарунак, які будзе нагадваць аб гэтай культурнай падзеі.

Фінальным акордам мерапрыемства стануць літаратурныя вячоркі «Казачны літкафейнік», які збярэ аматараў чарадзейнай прозы 28 траўня ў 12.00.

Звязда, 26 траўня 2023

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-0/108/69549
Текущая дата: 18.11.2024