Белорусский портал в Казахстане

Лукашэнка прынёс прысягу і афіцыйна заняў пасаду прэзідэнта



21 студзеня Аляксандр Лукашэнка, паводле Канстытуцыі, прынёс у Палацы Рэспублікі ўрачыстую прысягу прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і афіцыйна заняў пасаду.

"Займаючы пасаду прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, урачыста клянуся аддана служыць народу Рэспублікі Беларусь, паважаць і ахоўваць правы і свабоды чалавека і грамадзяніна, выконваць і абараняць Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь, свята і добрасумленна выконваць ускладзеныя на мяне высокія абавязкі", — зачытаў па-беларуску Лукашэнка тэкст прысягі.

Прысяга прынесена ў прысутнасці дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, членаў Савета Рэспублікі, суддзяў Канстытуцыйнага, Вярхоўнага і Вышэйшага гаспадарчага судоў, іншых высокапастаўленых чыноўнікаў і замежных гасцей і трансліравалася ў прамым эфіры па асноўных беларускіх тэлеканалах.

Паводле даных МЗС, прысутнасць на цырымоніі інаўгурацыі пацвердзілі 32 кіраўнікі замежных дыпламатычных устаноў і прадстаўніцтваў міжнародных арганізацый.

Праігнаравалі цырымонію паслы краін Еўрасаюза — 21 студзеня яны пакінулі тэрыторыю Беларусі і цяпер знаходзяцца ў Вільнюсе. Як растлумачыла Мая Качыянчыч, прэс-сакратар вярхоўнага прадстаўніка ЕС па замежных справах і палітыцы бяспекі Кэтрын Эштан, еўрапейскія паслы не будуць удзельнічаць у цырымоніі ў знак пратэсту супраць фальсіфікацыі выбараў і рэпрэсій у дачыненні да апазіцыі і грамадзянскай супольнасці ў Беларусі.

Не прысутнічаў на інаўгурацыі Лукашэнкі і кіраўнік амерыканскага пасольства — часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі Майкл Скэнлан, які сёння знаходзіцца ў Гродне.

Чацвёртыя выбары прэзідэнта Беларусі адбыліся 19 снежня 2010 года. Паводле даных Цэнтрвыбаркама, Аляксандр Лукашэнка набраў 79,65% галасоў выбаршчыкаў.

Вечарам 19 снежня ў цэнтр Мінска выйшлі дзясяткі тысяч грамадзян, не згодных з афіцыйнымі вынікамі выбараў. Дэманстрацыя была жорстка падаўлена ўладамі.

Па факце масавых беспарадкаў у сталіцы распачата крымінальная справа. Абвінавачанне прад`яўлена 33 палітычным і грамадскім актывістам, у тым ліку пяці былым кандыдатам у прэзідэнты. Усе яны змешчаны пад варту, ім пагражае турэмнае зняволенне да 15 гадоў.

Разгон дэманстрацыі, а таксама наступны пераслед прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці і СМІ выклікалі вельмі негатыўную рэакцыю ў краіне і за мяжой.

БелаПАН
Мінск, 21 студзеня 2011

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-0/1092/3881
Текущая дата: 14.11.2024