Белорусский портал в Казахстане

Памятны знак у гонар перамогі каля вёскі Палонка



20 лістапада баранавіцкія сябры Руху “За свабоду” разам з прадстаўнікамі партыі БНФ “Адраджэньне”, БСДГ, ТБМ ўсталявалі памятны знак у гонар 350-ці годдзя знакамітай Палонкаўскай бітвы (1660).

16 гадоў таму тутака былі ўпершыню ўсталяваны камень-валун і драўляная шыльда, якая неўзабаве была зламана невядомымі манкуртамі. Грамадскасць неаднаразова падымала пытанне аднаўлення металічнай шыльды на камені-валуне, асабліва напярэдадні 350-х угодкаў Палонкаўскай бітвы, якія адзначаліся ў 2010 годзе. Баранавіцкі райвыканкам, куды звярталіся прадстаўнікі грамадскасці, не знайшоў на гэта сродкаў.

Таму мясцовыя грамадскія актывісты на працягу года самастойна арганізавалі збор грашовых сродкаў і ўласнымі намаганнямі зрабілі на мармуровым камяні металічную шыльду ў гонар 350-ці годдзя знакамітай Палонкаўскай бітвы. Усталяванне памятнага знаку суправаджалася і на гэты раз сваімі дзівосамі і здарэннямі. Спачатку прыбегла цяперашняя старшыня Палонкаўскага с/с Ніна Кісель, якая падняла страшэнны лямант і выклікала міліцыю, бо ўсталяванне памятнага знаку, на яе думку, арганізавана без дазволу мясцовай улады. Старшыня Баранавіцкай Рады ТБМ Віктар Сырыца і краязнаўца Міхась Бернат патлумачылі маёру Вячаславу Таўкачову, што яны даслалі яшчэ раней змест шыльды ў Палонкаўскі сельскі савет, што гэта не ўсталяванне новага знаку, а аднаўленне старой шыльды, дазвол на якую дала мясцовая ўлада яшчэ ў 1994 годзе. Міліцыя паводзіла сябе вельмі спакойна, без гвалту і затрыманняў, карэктна і ўзважана выслухала абодва бакі. Урэшце рэшт, адноўлены памятны знак застаўся на гераічным Палонкаўскім полі. І прыемна тое, што баранавіцкія грамадскія актывісты і Палонкаўскі с\с дамовіліся аб сумеснай працы па добраўпарадкаванню месца Палонкаўскай бітвы 1660 года.

Віктар Сырыца
22 лiстапада 2010
Наша Ніва

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-0/1105/2820
Текущая дата: 19.09.2024