Белорусский портал в Казахстане

Леніна бачна з Космасу



Бярозавы "Ленін" ужо 43 гады расце з беларускай зямлі. Яго і з космасу можна ўбачыць.

Паміж горадам Іванава і вёскай Ляскавічы, уздоўж трасы М10 стаіць невялічкі лес. Калі гуляць па ім, нічога дзіўнага не заўважыш. Затое з картаграфічнага спадарожніка добра бачныя вялікія літары “ЛЕНИН”, пасаджаныя больш цёмнымі дрэвамі на фоне больш светлых.

“Слова “Ленін” засаджанае іменнымі культурамі, — распавялі Еўрарадыё ў Пінскім лясгасе. — Лясныя іменныя культуры, а адбыліся пасадкі ў гонар рэвалюцыі”.

Іменнымі называюцца культуры, пасаджаныя ў гонар значных падзеяў ці гістарычных асобаў. Дрэвы пры гэтым могуць быць звыклыя. Як і ў нашым выпадку:

"Навокал слова "Ленін" — сасновы масіў. Гэта фон, — распавёў Аляксандр Лабачэўскі, які працаваў намеснікам дырэктара па ідэалогіі ў Пінскім лясгасе, да якога належыць Іванаўскае лясніцтва. — А самі літары — бяроза, высаджаная ў 20 шэрагаў".

“Гэтыя дрэвы былі пасаджаныя на 50-годдзе Вялікага Кастрычніка, — працягвае Аляксандр Лабачэўскі. — Ляснічы там быў Падалінскі, з польскай вышэйшай адукацыяй. І вось ён стварыў такія культуры. Іх бачна на ўсіх фотаздымках. Нават у Google можна зайсці!”

Надпіс мае наступныя каардынаты: 52° 9′ 30.7″ N, 25° 33′ 51.5″ E.

Дарэчы, недалёка ад месца, дзе ў Іванаўскім раёне пасадзілі Леніна, праходзіць Дуга Струве — геадэзічны аб’ект, які ахоўваецца як спадчына UNESCO. Адзін з кубоў, што складаюць дугу, ёсць у Ляскавічах, іншы — у Шчакоцку.

Павел Свярдлоў
Еўрарадыё
7 снежня 2010

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-0/1107/3146
Текущая дата: 15.11.2024