Белорусский портал в Казахстане

Бібліятэкары Брэста адзначаны за папулярызацыю беларускай літаратуры



Брэсцкая цэнтральная бібліятэка імя А.С.Пушкіна — адметная асветніцкая пляцоўка па прадстаўленню сучаснай беларускай літаратуры.

У бібліятэцы частымі гасцямі з’яўляюцца пісьменнікі, якія жывуць і працуюць у Брэсце, Брэсцкай вобласці, а таксама — паэты і празаікі з Мінска і іншых рэгіёнаў краіны. Безумоўна, гэта спрыяе і развіццю цікаўнасці чытачоў бібліятэкі да сучаснага літаратурнага працэсу ў Беларусі, да навінак кнігавыдання.

Добрыя стасункі ў брэсцкіх бібліятэкараў склаліся з Выдавецкім домам «Звязда». Аўтары, чые кнігі выходзяць у гэтым выдавецтве, — частыя госці ў Брэсце. Ды і цэнтралізаваная гарадская сістэма на чале з бібліятэкай імя А.С.Пушкіна сочыць за тым, што прапаноўвае чытачу, пакупніку Выдавецкі дом «Звязда».

Не выпадковай сталася і адзнака Дыпломамі Выдавецкага дома «Звязда» дырэктара Брэсцкай цэнтральнай гарадской бібліятэкі імя А.С.Пушкіна Святланы Гарадзецкай і загадчыцы аддзела маркетынгу гэтай установы культуры Святланы Рабцавай — за папулярызацыю твораў беларускіх аўтараў.

Сяргей Шычко
Звязда, 2 траўня 2023

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-0/112/69300
Текущая дата: 18.11.2024