Белорусский портал в Казахстане

Апазыцыйныя кандыдаты ў прэзыдэнты Беларусі будуць удзельнічаць у "Дзядах"



У нядзелю, 31 кастрычніка, у Менску адбудзецца шэсьце і мітынг з нагоды дня памяці продкаў "Дзяды". Яго традыцыйна праводзіць Кансэрватыўна-хрысьціянская партыя БНФ. Як вядзецца падрыхтоўка да Дня памяці і ці будуць удзельнічаць у "Дзядах" патэнцыйныя кандыдаты ў прэзыдэнты.

Шэсьце распачнецца ад парку Чалюскінцаў у Менску і завершыцца ва ўрочышчы Курапаты — Народным мэмарыяле памяці ахвяр палітычных рэпрэсій.

Сёлета акцыя рыхтуецца звыклым парадкам, кажа намесьнік старшыні партыі Юрась Беленькі.

"Перад "Дзядамі" ўжо ня трэба рабіць нейкіх надзвычайных высілкаў, каб прывесьці ўрочышча ў адпаведны выгляд, бо гэтая праца праводзіцца цягам году. Гэта асноўная практычная падрыхтоўка. Што тычыцца самой імпрэзы — падрыхтоўка арганізатараў, дружыны, — то гэта таксама рутынная паўсядзённая праца".


Кандыдат у прэзыдэнты ад партыі БНФ Рыгор Кастусёў кажа, што таксама мае пляны паўдзельнічаць у "Дзядах", але гэтае пытаньне яшчэ будзе абмяркоўвацца з аднапартыйцамі:

"Канечне, у нейкім сэнсе партыя будзе прымаць удзел — мы яшчэ будзем сустракацца і абмяркоўваць, бо яшчэ ня ведаем сцэнару. Але, канечне, "Дзяды" для нас — знакавы дзень. Прынамсі, у мяне ў плянах ёсьць".

Пра свой частковы ўдзел у "Дзядах" заявіў і яшчэ адзін кандыдат у прэзыдэнты, лідэр партыі БСДП (Грамада) Мікола Статкевіч:

"У нас ёсьць сваё традыцыйнае мерапрыемства — мы ідзем на магілу заснавальніка партыі Міхася Ткачова. Але пэўную частку акцыі мы правядзем разам, хоць я не лічу дэманстрацыяй шэсьце па ходніках ад цэнтру. Але гэтая акцыя асаблівая, а таму — так".

Яшчэ адзін кандыдат на прэзыдэнцкую пасаду Алесь Міхалевіч заявіў, што ня прыме ўдзелу ў Дні памяці, але не з ідэйных, а з тэхнічных прычынаў:

"У мяне зараз апошнія дні здачы подпісаў, а гэта вельмі вялікі арганізацыйны блёк працы. І, на вялікі жаль, не застаецца часу на ўдзел нават у такіх важных акцыях".

Лідэр руху "Гавары праўду" і кандыдат у прэзыдэнты Ўладзімер Някляеў кажа, што ад удзелу ў "Дзядах" не адмаўляецца ні ў якім разе:

"Дзяды" — гэта ня толькі народная традыцыя, але і традыцыя дэмакратычнай грамадзкасьці ў змаганьні з гэтым рэжымам. Так што абавязкова буду браць удзел".

Кандыдат у прэзыдэнты ад партыі БХД Віталь Рымашэўскі заявіў, што ня толькі сам возьме ўдзел у "Дзядах", але і заклікае далучыцца да яе ўсіх неабыякавых людзей:

"Безумоўна, пайду на "Дзяды", тым больш што шэсьце будзе скіраванае на Курапаты. Мы мала ўзгадваем пра тагачасныя палітрэпрэсіі, і гэта жахліва. Бо калі мы будзем бяз памяці, як і тыя, хто зараз пры ўладзе, то чым мы ад іх будзем адрозьнівацца? І якое маральнае права мы маем падаваць сябе як альтэрнатыву ім? Таму "Дзяды", безумоўна, трэба працягваць і гэтую памяць несьці ў народ і пашыраць. Таму я пайду на "Дзяды" і заклікаю слухачоў вашага радыё, а таксама ўсіх неабыякавых людзей Беларусі далучацца да гэтага шэсьця".

Радыё Свабода
27 кастрычніка 2010
Галіна Абакунчык

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-0/1122/2487
Текущая дата: 15.11.2024