Белорусский портал в Казахстане

Грузіны бягуць у Еўропу праз Беларусь



Некалькі груп грамадзян Грузіі, якія спрабавалі парушыць беларуска-літоўскую мяжу, затрымалі за мінулыя пяць дзён лідскія памежнікі.

Як паведамілі ў прэс-цэнтры Дзяржаўнага пагранічнага камітэта Беларусі, першая група нелегалаў папалася 13 кастрычніка ў населеным пункце Радунь Воранаўскага раёна Гродзенскай вобласці. Тады разам з парушальнікамі мяжы былі затрыманыя і два праваднікі з ліку мясцовых жыхароў. Праз два дні тут жа паспрабавалі нелегальна перайсці мяжу яшчэ двое грузін — на гэты раз самастойна.

Мінулай ноччу абвінавачанне ў замаху на парушэнне дзяржмяжы памежнікі прад’явілі яшчэ двум каўказцам. На гэты раз нелегальныя мігранты паспрабавалі фарсіраваць беларуска-літоўскую мяжу на ўчастку пагранічнага паста «Канвелішкі». Пераадолець перашкоду, што з’явілася на іх шляху, у выглядзе інжынерных загароджаў яны вырашылі з дапамогай падкопу. Убачыўшы трывожную групу, парушальнікі, кінуўшы асабістыя рэчы, паспрабавалі ўцячы ў лесапаласу. Аднак неўзабаве былі затрыманыя пры дапамозе кінолага за 10 метраў ад лініі мяжы.

Усе шасцёра спашукальнікаў прыстанішча ў Еўропе сваё дачыненне да замаху на незаконнае перасячэнне дзяржаўнай мяжы адмаўляць не сталі. Ім пагражае грашовы штраф у памеры 20 базавых велічынь, дэпартацыя на радзіму і забарона ўязджаць у Беларусь на працягу трох гадоў. Іх саўдзельнікі панясуць адказнасць за арганізацыі незаконнай міграцыі.

Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН
18 кастрычнiка 2010


Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-0/1125/2354
Текущая дата: 15.11.2024