Белорусский портал в Казахстане

У Мінску назвалі пераможцаў рэспубліканскага конкурсу дзіцячага малюнка "Нам мір завешчана берагчы"



У Мінску назвалі пераможцаў рэспубліканскага конкурсу дзіцячага малюнка "Нам мір завешчана берагчы", цырымонія ўзнагароджвання прайшла ў Рэспубліканскім Палацы культуры прафсаюзаў.

Конкурс прайшоў трэці раз, яго арганізатарам выступіла Беларускае грамадскае аб`яднанне ветэранаў. У цырымоніі ўзнагароджвання пераможцаў прыняла ўдзел намесніца міністра працы і сацыяльнай абароны Марына Арцёменка.

"Дзеці - удзельнікі конкурсу выказалі ў малюнках свае эмоцыі, расказалі, як яны ўспрымаюць вайну, як яны яе бачаць, паколькі яны - тое пакаленне, якое ад вайны аддзяляе практычна ўжо 80 гадоў. Так, мы гаворым сёння аб тым, што гэта вайна ўсё далей і далей ад нашай моладзі, але ў кагосьці ў родзе ваявалі прадзеды, дзяды. Самая галоўная задача гэтага конкурсу - праз вось такія выяўленчыя сродкі звярнуцца да маладога пакалення, захоўваючы памяць аб вайне, таму што гэта наша гісторыя. Яна вельмі важная для таго, каб мы як нацыя, як народ заставаліся жывымі, самабытнымі і рухаліся ўпэўнена ў будучыню", - сказала намесніца міністра.

У конкурсе прынялі ўдзел дзеці з усёй краіны ў трох узроставых катэгорыях: 7-9 гадоў, 10-12 гадоў, 13-15 гадоў. У фінал прайшлі 63 работы з больш як 2 тысяч, якія паступілі на конкурс у раённыя саветы ветэранаў.

Таццяна Шарамет з аграгарадка Лебедзева вучыцца ў мастацкай школе. Кожны год напярэдадні Дня Перамогі яны малююць на занятках работы, прысвечаныя тэматыцы ваеннага часу.

"Калі мы з настаўнікам даведаліся пра конкурс, разам вырашылі паўдзельнічаць. Я намалявала ветэрана з дзецьмі, ён трымае іх за рукі і вядзе да помніка, каб там успомніць аб тых людзях, якія ваявалі, загінулі смерцю храбрых, абараніўшы сваю Радзіму. Калі дзеці прымаюць удзел у конкурсе, а асабліва, калі выйграюць, ім становіцца радасна, яны разумеюць, што ў іх ёсць талент, развіваць які ім дапамагаюць настаўнікі", - падзялілася юная фіналістка конкурсу.

Яе маці Ганна Шарамет упэўнена: такія конкурсы выхоўваюць у падрастаючым пакаленні патрыятызм і любоў да краіны. "Тое, што адбывалася ў гады Вялікай Айчыннай вайны, подзвіг беларускага народа заслугоўвае вялікай увагі, гордасці і ўдзячнасці маладога пакалення. Гэта былі цяжкія дні. Я вырасла ў іншай краіне, але з вялікай павагай стаўлюся да Беларусі, дзе жывуць мае дзеці. Я стараюся прывіць ім любоў гэтага народа, перадаць яго памяць, каб мае дзеці цанілі тое, што жывуць у гэтай прыгожай, утульнай краіне з дружалюбнымі людзьмі. Дзякую арганізатарам за тое, што далучаюць маладое пакаленне да памяці аб Вялікай Айчыннай вайне, расказваюць ім праўду аб тых падзеях, вучаць цаніць усё гэта", - адзначыла маці фіналісткі.

Лаўрэатаў і дыпламантаў конкурсу выбірала журы, у склад якога ўвайшлі член Беларускага саюза мастакоў, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, кіраўнік студыі ваенных мастакоў дзяржаўнай культурна-забаўляльнай установы "Цэнтральны дом афіцэраў Узброеных сіл Рэспублікі Беларусь" Мікалай Апіёк, а таксама прадстаўнікі Беларускага грамадскага аб`яднання ветэранаў, Саюза беларускіх яўрэйскіх грамадскіх аб`яднанняў і абшчын, БДПУ імя М.Танка, Беларускага фонду міру.

Па выніках конкурсу журы прыняло рашэнне ў кожнай узроставай катэгорыі вызначыць пераможцу, па два ўдзельнікі, якія занялі другое і трэцяе месцы, а таксама ўзнагародзіць удзельнікаў конкурсу спецыяльнымі прызамі арганізатараў і спонсараў конкурсу.

29 красавіка 2023, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-0/113/69243
Текущая дата: 18.11.2024