Больш за 187 тыс. т другасных матэрыяльных рэсурсаў сабрана ў Беларусі за I квартал 2023 года, паведамляе ДУ «Аператар другасных матэрыяльных рэсурсаў».
Паведамляецца, што кожны жыхар рэспублікі адсартаваў і здаў у перапрацоўку ў сярэднім 20 кг другасных рэсурсаў. Самыя актыўныя ў гэтым плане мінчане (24,6 кг). Другое месца — у жыхароў Гродзенскай вобласці (21,6 кг). Амаль нараўне ідуць Віцебская і Гомельская вобласці (там прыходзіцца па 20,9 і 20,7 кг сабраных другакурсаў на кожнага жыхара). У Магілёўскай вобласці гэты паказчык — 19,2 кг на душу насельніцтва, Брэсцкай — 18,2 кг, Мінскай — 15 кг.
Больш за ўсё за першыя тры месяцы 2023 года нарыхтавана адходаў паперы і кардона — 94,6 тыс. т. Лідар у зборы макулатуры — Мінск. За студзень-сакавік сталіца нарыхтавала крыху больш за 32 тыс. т. У сярэднім кожны жыхар Мінска здаў у перапрацоўку 16 кг папяровых адходаў.
Адходаў шкла за першы квартал у Беларусі сабралі таксама нямала — 44,8 тыс. т. Рэкардсмен — Гомельская вобласць, якая адправіла на другаснае выкарыстанне больш за 8 тыс. т шкла. Жыхары рэгіёну ў сярэднім сабралі каля 6 кг такіх адходаў кожны. Такі ж паказчык у пераліку сабраных адходаў шкла на душу насельніцтва ў Віцебскай і Гродзенскай абласцях.
На трэцім месцы па аб’ёмах збору — палімерныя адходы. У першым квартале іх нарыхтавана 25,6 тыс. т. Больш за ўсё пластыка сабралі жыхары сталіцы — 5,55 тыс. т. «Аднак калі ацэньваць аб’ём сабраных адходаў пластмасы ў сярэднім на жыхара, то можна адзначыць, што ў Гомельскай і Гродзенскай абласцях сартуюць і здаюць у перапрацоўку крыху больш пластыка, чым у Мінску (3 кг супраць 2,8 кг)», — удакладнілі ва ўстанове.
За I квартал у краіне сабрана 4,5 тыс. т адходаў электрычнага і электроннага абсталявання. Лепшы вынік — у Гомельскай вобласці (1,04 тыс. т, або 0,8 кг на кожнага жыхара).
13,7 тыс. т зношаных шын сабрана ў рэспубліцы за студзень-сакавік гэтага года. Лепш за ўсіх з заданнем справілася зноў сталіца — 2,46 тыс. т старых пакрышак адправіліся на перапрацоўку. На душу насельніцтва найлепшы паказчык у Віцебскай вобласці — 1,8 кг.
Фактычны аб’ём сабраных адпрацаваных масел за студзень-сакавік склаў крыху больш за 4 тыс. т. больш за ўсё іх нарыхтавана ў Гомельскай вобласці — 0,86 тыс. т (0,6 кг на кожнага жыхара).
Звязда, 30 красавіка 2023
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-0/113/69273
Текущая дата: 18.11.2024