Белорусский портал в Казахстане

Учора споўнілася 92 гады з дня нараджэння заснавальніка беларускай фразеалогіі Фёдара ЯНКОЎСКАГА



Пра гэта ўзгадалі не толькі беларускія мовазнаўцы, пісьменнікі і паэты, якія ў сваёй справе і жыцці не абыходзяцца без ягоных кніг і падручнікаў. Ускласці кветкі да прысвечанай прафесару мемарыяльнай дошкі, якая размешчана на аднайменнай вуліцы ў мікрараёне Сухарава ў Мінску, прыйшлі вучні бліжэйшых гімназіі і школы і прыхаджане праваслаўнага храма ў гонар Архістратыга Міхаіла.

— Ёсць пэўны сэнс у тым, што храм будуецца на вуліцы імя Фёдара Янкоўскага, — сказаў перад памінальным набажэнствам каля мемарыяльнай дошкі клірык Свята-Міхайлаўскага прыхода іерэй Аляксандр ШРАМКО. — Бо і мова, вывучэнню якой прысвяціў сваё жыццё Фёдар Янкоўскі, і вера — гэта рэчы духоўнага парадку, якіх мы павінны трымацца. Калі мы забываем пра гэта, мы страчваем сваю асабістую сутнасць, мы тады і сапраўды ператвараемся ў "чалавекаў", якія ёсць тое, што яны ядуць.

Менавіта прыходская абшчына стала ініцыятарам адкрыцця мемарыяльнай дошкі Фёдару Янкоўскаму год таму. Дарэчы, царкоўны стараста Аляксандр НЕСЦЯРЧУК праз знаёмства з жыццём і дзейнасцю Фёдара Янкоўскага вырашыў выпісаць газету "Звязда".

— Да таго ж, менавіта ў "Звяздзе" некалькі гадоў таму з`явілася першая інфармацыя пра наш прыход, — расказвае Аляксандр Аляксандравіч. — Сёння мы ўжо распісваем сцены хрысцільнага храма і распачынаем будаўніцтва асноўнага. На жаль, два гады мы не маглі зварухнуцца з этапу катлавана. Цяпер знойдзены буйны спонсар і храм пачынае расці ўгару.

А беларускую мову можна пачуць і ў сухараўскім храме, і ў нядзельнай школе, дзе збіраюцца біблейскія вечарыны. Вось і цяпер прыход сабраў ля мемарыяльнай дошкі Фёдара Янкоўскага шмат дзяцей і прыхаджан, каб зноў нагадаць пра гэтага чалавека і пра значнасць ягонай справы для ўсіх нас.

Вольга Мядзведзева
Звязда 22 верасня 2010

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-0/1131/2013
Текущая дата: 15.11.2024