Белорусский портал в Казахстане

«Палоніку» не ліквідуюць



У панядзелак, 11 кастрычніка, у Гаспадарчым судзе Гродзенскай вобласці мела адбыцца ліквідацыя фірмы «Палоніка» — установы, звязанай з незалежным Саюзам палякаў Беларусі.

Аднак у апошні момант ініцыятар ліквідацыі — падатковая інспекцыя Гродзенскай вобласці — адмовілася ад працэдуры.

Непасрэдна перад пачаткам працэсу да сабраўшыхся перад будынкам суда актывістаў СПБ і тых, хто прыйшоў іх падтрымаць (агулам каля ста чалавек) выйшаў старшыня Гаспадарчага суда Гродзенскай вобласці і паведаміў, што позва адкліканая, а справа перададзеная ў архіў.

Такое рашэнне было нечаканым, бо ў будынак суда ўжо прайшоў будучы антыкрызісны кіраўнік «Палонікі». Сябра Рады СПБ, Андрэй Пачобут, лічыць, што гэта сведчыць аб слабасці беларускіх уладаў:

«Нас прыйшло падтрымаць шмат людзей, каля сотні. Прычым сярод іх былі не толькі сябры СПБ, але і людзі Раманчука, Саннікава, сябры БНФ. Было шмат журналістаў. Гэта напалохала ўлады.

У іх не атрымалася правесці справу ціха і ўлады адкруцілі механізм назад. Гэта сведчыць аб адсутнасці тактыкі дзеянняў у дачыненні да СПБ. Для іх гэтай праблемы папросту не існуе».

Разам з тым, штраф у $40 тыс., накладзены на «Палоніку» падатковай інспекцыяй, застаецца.

Нагадаем, што ініцыятарамі ліквідацыі фірмы «Палоніка» выступілі гродзенскія падаткавікі. Старшыня падатковай інспекцыі Ленінскага раёну Гродна звярнуўся ў Гаспадарчы суд вобласці з прапановай распачаць справу аб банкруцтве фірмы, якая дзейнічае пры неафіцыйным СПБ. Па выніках праверкі падатковая інспекцыя наклала на «Палоніку» штраф памерам у $40 тысяч. Фірма не была ў стане яго сплаціць.

Штраф быў прызначаны за тое, што фірма атрымлівала дапамогу ад «Вспульноты польскай» на заняткі польскай мовай і на падвышэнне кваліфікацыі настаўнікаў, якую афармляла як гаспадарчую дамову. Суд палічыў, што дапамогу польскай арганізацыі варта было афармляць як гуманітарную дапамогу.

Наша Ніва
Алесь Пілецкі
11 кастрычнiка 2010


Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-0/1134/2267
Текущая дата: 26.12.2024