Белорусский портал в Казахстане

Вяртанне святыні



22 верасня на адкрыцці ў Магілёве духоўна-асветніцкай праграмы "Сям`я — яднанне — Айчына" жыхары вобласці атрымалі ў падарунак факсімільнае выданне Слуцкага Евангелля.

Слуцкае Евангелле — помнік пісьменства ХVІ стагоддзя, адна з самых вялікіх праваслаўных святыняў Беларусі. Гэтае Евангелле перапісаў уласнай рукой князь Юрый Алелькавіч, каб засведчыць сваю адданасць веры і традыцыям продкаў.

Пасля рэвалюцыі нацыянальная рэліквія трапіла ў Мінскі дзяржаўны музей, у сувязі з запланаваным пераносам сталіцы Евангелле перавезлі ў Магілёў. Разам з Крыжам Ефрасінні Полацкай яно захоўвалася ў пакоі-сейфе ў будынку Магілёўскага абкама партыі. У пачатку вайны ўсе каштоўнасці бясследна зніклі.

Аднак цудоўным чынам Евангелле было знойдзена ў 2003 годзе. Яго захоўвала ў сябе мінчанка: яна не ўяўляла сабе каштоўнасць гэтай рэчы і падаравала кнігу святару за адпяванне сваяка. Засталося таямніцай, куды рукапіс знік у час вайны і якім чынам трапіў у сям`ю жанчыны.

Тым не менш, Беларусь зноў атрымала ўнікальную гістарычную і духоўную каштоўнасць — Слуцкае Евангелле. Выдавецтва Беларускага Экзархата падрыхтавала і выпусціла ў свет факсімільнае выданне старажытнай кнігі.

— Добра, што ў краіне ідзе духоўнае адраджэнне, — сказаў намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Валерый Малашка, які прыняў падарунак на сцэне Магілёўскага палаца культуры. — Да нас на Магілёўшчыну вярнулася гістарычная каштоўнасць, якая была страчана ў 1941 годзе. Слуцкае Евангелле зноў здабытае.

Духоўна-асветніцкая праграма "Сям`я — яднанне — Айчына" будзе працаваць у Магілёве да 3 кастрычніка. Гэта праект Беларускай Праваслаўнай Царквы, які ажыццяўляецца ў супрацоўніцтве з дзяржавай, рэлігійнымі і грамадскімі арганізацыямі. Мэта праграмы — вырашэнне дэмаграфічных задач: усталяванне сямейных і маральных каштоўнасцяў, традыцыяў хрысціянскага шлюбу і ідэй духоўнага адраджэння нацыі, захаванне нацыянальнай годнасці, шматвяковай культурнай і духоўнай спадчыны. У праграме — кірмаш кніг і царкоўных рэчаў, лекцыі, круглыя сталы, выставы, канцэрты, тэатральныя прадстаўленні, дабрачынны марафон і хрэсны ход, які адбудзецца ў цэнтры Магілёва 26 верасня.

Ілона Іванова
Звязда

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-0/1139/2034
Текущая дата: 25.12.2024