Белорусский портал в Казахстане

Прэзідэнцкія выбары ў Беларусі адбудуцца ў наступным годзе?



Дата правядзення Ўсебеларускага сходу дагэтуль не прызначаная, дэпутаты не запрасілі Ярмошыну на сваю пазачарговую сесію, а гала-канцэрт "Беларусь — гэта мы!" пройдзе толькі ў лютым.

Час правядзення IV Усебеларускага сходу дагэтуль не прызначаны. Але, як распавяла Еўрарадыё першая намесніца кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Наталля Пяткевіч, з дакладнай датай павінны вызначыцца падчас аднаго з бліжэйшых пасяджэнняў аргкамітэта.

Наталля Пяткевіч:
“Не, дата пакуль не прызначаная. Гэтае пытанне вырашаецца на аргкамітэтах. Вось, на нейкім з аргкамітэтаў будзе прынятае рашэнне”.

Паводле словаў Пяткевіч, пакуль немагчыма сказаць, да Новага года пройдзе гэты сход ці пасля. Нагадаем, што ў 2006 годзе Ўсебеларускі сход быў праведзены акурат перад тагачаснымі прэзідэнцкімі выбарамі. Можна меркаваць, што і на гэты раз абодва мерапрыемствы будуць спалучаныя ў часе.

Адзначым, што яшчэ сёлета ў траўні Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ аб падрыхтоўцы да народнага сходу. Сустаршынямі аргкамітэта прызначылі кіраўніка Адміністрацыі Ўладзіміра Макея і прэм`ер-міністра Сяргея Сідорскага. Да 1 ліпеня кіраўніку краіны мусілі падаць прапановы па даце правядзення сходу, а таксама па колькасці яго ўдзельнікаў.

Верагодна, час правядзення сходу залежыць ад даты выбараў. Яе могуць прызначыць дэпутаты ўжо 14 верасня на пазачарговай сесіі Палаты прадстаўнікоў. У такім выпадку галасаванне адбудзецца яшчэ да Новага года. Але ў парадку дня пытання выбараў няма. Да таго ж старшыню Цэнтрвыбаркама Лідзію Ярмошыну на пасяджэнне не запрасілі, а сакратар ЦВК Мікалай Лазавік паедзе ў Вену. Пра гэта ён сам распавёў у інтэрв`ю Еўрарадыё.

Мікалай Лазавік: “Звычайна запрашаюць першых асоб на адкрыццё сесіі. Наколькі я ведаю, Ярмошына не атрымлівала запрашэння на другое пасяджэнне. Мяне асабіста не запрашалі на гэтае пасяджэнне. Я рыхтуюся да іншага мерапрыемства: на гэтым тыдні ў мяне камандзіроўка ў Вену, дзе адбудзецца канферэнцыя АБСЕ па пытаннях электроннага галасавання”.

Сакратар ЦВК адзначыў, што пакуль не ведае, ці абмяркуюць пытанне выбараў на другім пасяджэнні пазачарговай сесіі.

Прызначыць выбары дэпутаты могуць і на чарговай сесіі, якая стартуе 2 кастрычніка. Але ў такім разе галасаванне адбудзецца ў наступным годзе. Да таго ж Лідзія Ярмошына сама не раз выказвалася за 6-га лютага.

Лідзія Ярмошына:
“Мяне цалкам задавальняе, падабаецца нават, дата 6 лютага. Яна дае магчымасці і сесіі распачацца, і ўсім адпачыць, і пачаць працаваць у звычайным працоўным рэжыме. Я лічу, што гэтая дата з’яўляецца аптымальнай”.

Дарэчы, менавіта на люты прызначаны гала-канцэрт "Беларусь — гэта мы!" з удзелам беларускіх зорак, распавялі Еўрарадыё ў Міністэрстве культуры. Ён адбудзецца ў "Мінск-Арэне". Нагадаем, напярэдадні мінулых выбараў таксама праходзілі падобныя канцэрты, толькі пад лозунгам "За Беларусь". Тады заключнае шоў адбылося за 9 дзён да выбараў.

13 верасня 2010
Еўрарадыё

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-0/1141/1920
Текущая дата: 25.12.2024