Белорусский портал в Казахстане

Названы лепшыя сайты Беларусі: вынікі інтэрнэт-прэміі ТІБО



Падведзены вынікі 20-га конкурсу "Інтэрнэт-прэмія ТІБО".

На конкурс было пададзена 206 заявак. У гэтым годзе ён праводзіўся па 10 асноўных намінацыях: "Органы дзяржаўнага кіравання і ўлады", "Адукацыя і навука", "Інфармацыйны рэсурс", "Карпаратыўныя інтэрнэт-рэсурсы", "Інтэрнэт-гандаль", "Турызм і адпачынак", "Спорт", "Здароўе і медыцына", "Для дзяцей і юнацтва", "Карпаратыўныя акаўнты ў сацыяльных сетках".

У цырымоніі ўзнагароджання традыцыйна прынялі ўдзел кіраўнікі профільных міністэрстваў і ведамстваў, грамадскіх арганізацый. "У дзяржаве ўдзяляецца ўвага лічбаваму развіццю. Аб гэтым сведчыць і тое, што дзяржорганы лідзіруюць па колькасці заявак. Праз сваю прывабнасць дзяржаўныя органы павінны паказваць прыклад лічбавай трансфармацыі і інфарматызацыі", - сказаў міністр сувязі і інфарматызацыі Канстанцін Шульган.

У намінацыі "Органы дзяржаўнага кіравання і ўлады" катэгорыі "Рэспубліканскія органы дзяржкіравання" трэцяе месца дасталася сайту Міністэрства транспарту і камунікацый. На другім месцы - сайт Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. Дзяржаўны ваенна-прамысловы камітэт стаў лідарам намінацыі. У катэгорыі "Гарадскія, абласныя і раённыя выканаўчыя камітэты" бронза дасталася сайту адміністрацыі Заводскага раёна Мінска і Капыльскага райвыканкама. Распрацоўшчыкі БЕЛТА занялі другое месца з сайтам Гродзенскага аблвыканкама і Лідскага райвыканкама. Першае месца заняў сайт Магілёўскага аблвыканкама. У катэгорыі "Акаўнты органаў дзяржкіравання ў сацсетках і мэсэнджарах" другое месца занялі акаўнты Міністэрства замежных спраў. Заслужанае першае месца дасталася групе МНС. Спецыяльнымі дыпломамі адзначаны Telegram-каналы Міністэрства аховы здароўя і Нацыянальнага цэнтра абароны персанальных даных.

У намінацыі "Інфармацыйны рэсурс" лідарам стаў партал Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі. Другое месца ў сайта газеты "Лунинецкие новости", а трэцяе заняў сайт газеты "Полымя". Узнагароду ўручыла начальнік упраўлення электронных СМІ і інтэрнэт-рэсурсаў Міністэрства інфармацыі Ларыса Цяліца.

Капыльская дзіцячая школа мастацтваў і Іўеўская раённая бібліятэка сталі бронзавымі прызёрамі прэміі ў намінацыі "Адукацыя і навука". Другое месца дасталася навуковай бібліятэцы БНТУ. Лідарам стаў сайт Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце.

У намінацыі "Для дзяцей і юнацтва" першае месца ў праекта "Захаваем гісторыю" РГА "Патрыёты Беларусі", другое заняла газета для дзяцей і падлеткаў "Зорька". У намінацыі "Здароўе і медыцына" першае месца заняў сайт галоўнага ўпраўлення аховы здароўя Гродзенскага аблвыканкама, другое - Мазырскай цэнтральнай гарадской паліклінікі і УП "Мінскінтэркапс". На трэцім месцы - УП "Белмедтэхніка". Узнагароды ўручыў намеснік міністра аховы здароўя Юрый Горбіч.

Першы намеснік міністра сувязі і інфарматызацыі Павел Ткач таксама ўручыў узнагароды ў некалькіх намінацыях. Першае месца ў намінацыі "Спорт" дасталася сайту Беларускай федэрацыі сучаснага пяцібор`я, а лідарам намінацыі "Турызм і адпачынак" стаў Лідскі гісторыка-мастацкі музей.

У катэгорыі "Банкі, фінансы, страхаванне, лізінг" намінацыі "Карпаратыўныя інтэрнэт-рэсурсы" першае месца заняў сайт "100 гадоў. Беларусбанк". У катэгорыі "Сэрвісныя кампаніі, стартапы, бізнес-інкубатары" перамог сайт РУП "Белпошта", у катэгорыі "Прамысловасць, транспарт і ТЭК" - ДВА "Белэнерга". У намінацыі "Інтэрнэт-гандаль" золата дасталася інтэрнэт-магазінам МТС і ТАА "Пнеўматэхцэнтр".

У намінацыі "Карпаратыўныя акаўнты ў сацыяльных сетках" перамаглі акаўнты "Брэстэнерга".

Спецыяльнымі дыпломамі журы адзначаны YouTube-канал БЕЛТА, выдавецкі дом "Беларусь Сёння", сетка "Еўраопт" і інтэрнэт-правайдар НІКС.

Спецыяльныя кубкі ўручылі Міністэрству сувязі і інфарматызацыі, Міністэрству інфармацыі і МТРК "МІР".

Інтэрнэт-прэмія ТІБО праводзіцца ў Беларусі штогод з 2003 года. Асноўныя мэты конкурсу - папулярызацыя лепшых інтэрнэт-рэсурсаў і садзейнічанне развіццю нацыянальнага сегмента глабальнай сеткі Інтэрнэт як асяроддзя для пашырэння тавараў і паслуг, прафесійнай дзейнасці, творчасці, адпачынку, стасункаў. З пачатку правядзення конкурсу ў ім прынялі ўдзел каля 9 тыс. беларускіх інтэрнэт-рэсурсаў.

21 красавіка 2023, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-0/115/69184
Текущая дата: 18.11.2024