Белорусский портал в Казахстане

Міністэрства спорту і турызму Беларусі рыхтуе заканапраект па аднаўленню гістарычнае спадчыны



В Министерстве спорта и туризма Республики Беларусь готовится законопроект по сохранению и обновлению исторических памятников.

Як даведалася Еўрарадыё, Міністэрства спорту і турызму рыхтуе законапраект, паводле якога замежныя грамадзяне змогуць нароўні з беларусамі набываць ці браць у доўгатэрміновую арэнду айчынныя турыстычныя аб’екты. Гэткім чынам беларускія ўлады спадзяюцца прыцягнуць у краіну дадатковыя інвестыцыі і аднавіць гістарычную спадчыну за чужы кошт.
 
Ужо сёння вызначаныя 67 сядзібаў, якія неўзабаве пойдуць з малатка. Кошт кожнага помніка сімвалічны - адна базавая велічыня (35 тыс. рублёў або каля 13 долараў).
 
Адзінае пытанне, якое стрымлівае замежных пакупнікоў сёння, датычыцца правоў на зямлю, на якой знаходзяцца аб’екты.
 
Як патлумачыў Еўрарадыё дырэктар Дэпартамента турызму Міністэрства спорту Віктар Янкавенка, менавіта гэтае пытанне вырашаць будучыя змены ў заканадаўстве.
 
Віктар Янкавенка: “Ахвотнікі могуць яе набыць за адну базавую велічыню - 35 тыс. беларускіх рублёў. Пры ўмове, што сядзіба будзе адрамантаваная альбо адрэстаўраваная, і захаваная аўтэнтычнасць. Калі мы за тры гады іх падымем па поўнай праграме, то гэта будзе вельмі сур’ёзны штрых. Будзе распрацаваны заканадаўчы акт, у якім роўныя правы атрымаюць як грамадзяне Рэспублікі Беларусь, гэтак і замежныя грамадзяне. Плануецца, што будзе прапанаваная доўгатэрміновая арэнда. Колькі яна будзе? Можа, як у Літве, 99 гадоў, можа, 50 гадоў. Але не менш”.
 
Аднак ці станецца распродаж нацыянальнай гісторыка-культурнай спадчыны панацэяй ад усіх бядотаў айчыннага турызму - пытанне спрэчнае. Эксперт Цэнтра сацыяльна-эканамічных даследаванняў “CASE-Belarus” Зміцер Бабіцкі звяртае ўвагу не толькі на заканадаўчыя, але і на маральныя ды фінансавыя нюансы.
 
Зміцер Бабіцкі: “Пытанне, канечне, спрэчнае. Тут простага вырашэння няма. Па-першае, ва ўсіх гэтых будынкаў ёсць старыя ўладальнікі. І тут пытанне такое маральнае: наколькі, значыць, сённяшняя ўлада мае права распараджацца ўласнасцю іншых людзей. Трэба таксама разумець, што попыт на падобныя паслугі такіх аб’ектаў таксама абмежаваны. Тым больш крызіс, скарачаюцца даходы ў людзей і - скарачаецца плынь турыстаў”.
 
Асноўнай мэтай будучага продажу айчынных сядзібаў за намінальны кошт афіцыйна называецца імкненне аплаціць рэстаўрацыю занядбаных аб’ектаў з кішэні пакупніка. Аднак аднаўляць падобным чынам і іншыя помнікі ў Дэпартаменце турызму не спяшаюцца. Тут, на думку Віктара Янкавенкі, павінен дзейнічаць супрацьлеглы прынцып:
 
Віктар Янкавенка: “Матэрыяльная каштоўнасць помніка - яе не вызначыш сёння рублём. Крэва існуе, збольшага, гістарычна, у памяці людзей, у літаратуры. Але яго як аб’екту, у які можна прыйсці, узяць грошы за білеты, атрымаць іншыя паслугі - яго няма! Але ці патрэбны ён на сённяшні дзень для аднаўлення? Многія аб’екты, калі іх аднавіць, туды, можа, турысты не пойдуць. А вось прыгожая гісторыя, прыгожая легенда - плюс да таго, каб гэты аб’ект быў абсталяваны, каб да яго можна было пад’ехаць, пад’есці, купіць сувенір ці нешта яшчэ - вось тады ён будзе працаваць”.
 
Сёння Беларусь у турыстычнай сферы зарабляе, збольшага, на санаторыях. Пры гэтым некаторыя лячэбніцы на 90% запоўненыя менавіта замежнымі грамадзянамі. Замежнікаў вабяць невысокія кошты на лячэнне і медыцынскае абслугоўванне. Аднак на занядбаныя помнікі прывабіць турыстаў значна складаней нават нягледзячы на малыя цэны. Важна не толькі прывезці замежных гасцей, але і падрыхтаваць для іх камфортны адпачынак, лічыць агент мінскай туркампаніі “Экатур-6” Яўгенія Савіцкая.
 
Яўгенія Савіцкая: “Агульныя праблемы, што нам не хапае якасці абслугоўвання. Нам трэба шмат рэстаўраваць - тыя ж замкі, старажытныя сядзібы. Але на гэта ў нас зараз няма сродкаў. Спачатку трэба ўкласці вялікія сродкі ў нешта, і толькі праз некалькі гадоў гэта прынясе прыбытак”.
 
Прафесійны экскурсавод з Гродна Ігар Лапеха пагаджаецца з супрацоўніцай сталічнай кампаніі. І дадае, што ў яго родным горадзе турыстычны патэнцыял не выкарыстоўваецца нават у зародкавай ступені. Хутчэй наадварот - сёння Гродна адштурхвае ад сябе ўсіх цікаўных, канстатуе эксперт.
 
Ігар Лапеха: “Усе транспартныя плыні ў нас ідуць праз гістарычны цэнтр. І цэнтр захлынаецца ад выхлапных газаў - натуральна, аніякі турыст туды не пойдзе. На цэнтральнай плошчы, якая быццам бы пешаходная, няма дзе адпачыць: тут няўтульна, тут няма цяньку, высечаныя векавыя ліпы. У горадзе няўтульна для турыста. У горадзе няма, дзе жыць турысту, няма, дзе есці турысту. Няма музеяў, фестываляў, канцэртных залаў”.
 
Ян Роўдзік. Еўрапейскае радыё для Беларусі

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-0/1168/85
Текущая дата: 22.12.2024