Белорусский портал в Казахстане

Пасланне Прэзідэнта Беларусі народу і парламенту 31 сакавіка пакажуць у прамым эфіры. Пачатак у 11.00



Пасланне Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу адбудзецца 31 сакавіка, пачатак мерапрыемства - у 11.00. Выступленне кіраўніка дзяржавы ў прамым эфіры можна будзе глядзець на ўсіх нацыянальных тэлеканалах, уключаючы спадарожнікавы, трансляцыя будзе арганізавана ў эфіры Беларускага радыё і на сайце Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, а таксама на YouTube-каналах дзяржаўных СМІ.

Тэлеверсія Паслання - у 21:00 у эфіры ўсіх нацыянальных тэлеканалаў.

Мерапрыемства, як паведамлялася раней, пройдзе ў шырокім фармаце ў Палацы Рэспублікі.

У ліку запрошаных - парламентарыі і дэлегацыі ад абласцей і горада Мінска, вышэйшыя службовыя асобы краіны, члены ўрада, кіраўнікі дзяржаўных органаў, сродкаў масавай інфармацыі, прадстаўнікі дыпламатычнага корпуса і міжнародных арганізацый, кіраўнікі рэлігійных канфесій, парламентарыі мінулых скліканняў, прадстаўнікі рэальнага сектара эканомікі, моладзь, прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці, журналісты. Усяго ў мерапрыемстве прымуць удзел больш за 2 500 чалавек.

Чакаецца, што Прэзідэнт адкажа на пытанні прысутных.

Аляксандр Лукашэнка анансаваў маючае адбыцца Пасланне яшчэ ў сярэдзіне лютага на сустрэчы з прадстаўнікамі замежных і беларускіх СМІ. "Мы рыхтуем Пасланне абсалютна адкрыта, будзе рэакцыя на ўсе пытанні, і крыху наперад мы пастараемся зазірнуць у рамках гэтага Паслання", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.

29 сакавіка 2023, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-0/120/68878
Текущая дата: 18.11.2024